Віктар Шалкевіч выступіў у Беластоку



Беларускі бард, акцёр і шоўмэн прэзентаваў у Падляшскай бібліятэцы імя Лукаша Гурніцкага польскі пераклад сваёй кнігі „Рэквіем па непатрэбных рэчах”. Віктар Шалкевіч таксама чытаў беластачанам свае апавяданні на польскай мове і спяваў настальгічныя і гарэзлівыя песні. Як у яго атрымліваецца плённа пісаць на некалькіх мовах і добра адчуваць сябе ў розных жанрах – тлумачыць Віктар Шалкевіч:

– Вельмі класна сказаў пра гэтую сітуацыю, па-мойму Гедройц, я як маятнік – раз так, раз так. Сапраўды, людзям, якія жылі ў двухмоўнай дзяржаве, якая называлася Рэч Паспалітая, нават трохмоўнай, гэта вельмі добра, гэта вельмі лёгка. Мне здаецца, што калі чалавек монафанічны, то ён нечым сабе адмаўляе. А тут з аднаго боку – Вільня, з другога боку – Кракаў. З трэцяга – Львоў. З чацвёртага – Познань ці Варшава. Практычна паўсюль чалавек пачуваецца як у сябе ў хаце.

Кнігу „Рэквіем па непатрэбных рэчах” на польскую мову пераклалі дачка аўтара Марта Шалкевіч і Пшэмыслаў Славінскі. Бліжэйшым часам выйдзе з друку таксама польскі пераклад зборніка апавяданняў Віктара Шалкевіча „Мястэчка G. і ваколіцы”.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя