«Лідскае піва» пачула крытыку адносна мовы



Днямі грамадскія актывісты і арганізацыі масава пачалі звяртаць увагу на недастатковае выкарыстанне ААТ «Лідскае піва» беларускай мовы ў камунікацыі са спажыўцамі і ў прадукцыі ўвогуле. Некаторыя нават называлі гэта мэтанакіраванай пагардай да беларускай мовы.

Як паведамляецца, кіраўніцтву прадпрыемства былі накіраваныя лісты з пытаннем, чаму беларускай мове надаецца мала ўвагі, а таксама з просьбай больш шырока выкарыстоўваць мову ва ўсіх сферах дзейнасці прадпрыемства.

Толькі што ААТ «Лідскае піва» на сваёй афіцыйнай старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook паведаміла, што збіраецца разгледзець пытанне аб больш шырокім выкарыстанні беларускай мовы ў рэкламе і іншых відах дзейнасці, а таксама заявіла, што прыслухоўваецца да сваіх спажыўцоў:

«Паважаныя сябры!

За апошнія некалькі дзён мы атрымалі шэраг лістоў з прапановамі выкарыстоўваць беларускую мову ў камунікацыі нашага прадпрыемства.

Дзякуем вам, што не застаяцеся абыякавымі да ААТ «Лідскае піва» і прадукцыі, якую мы выпускаем. Колькасць людзей, зацікаўленых у тым, каб беларуская мова выкарыстоўваўся ў рэкламе, нашмат большая, чым нам ўяўлялася раней, попыт на яе, відавочна, ёсць.

Мы пачулі нашых спажыўцоў і абяцаем разгледзець пытанне аб з’яўленні беларускай мовы ў прасоўванні нашай прадукцыі».

Ці гэта проста адпіска, піша „Наша Ніва”, ці беларуская мова сапраўды знойдзе месца як мінімум на этыкетках і рэкламнай прадукцыі «Лідскага піва», пакажа час.