Службы бяспекі і нацменшасці: дыскусія ў Беластоку



Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы адначае свой 15-гадовы юбілей. Мерапрыемствы ў Беластоку з гэтай нагоды праходзяць 26-28 лістапада. У першы дзень, пятніцу, дазнаемся пераможцаў конкурсу гістарычных рэпартажаў. Адкрыліся ж святкаванні дыскусіяй на тэму дачыненняў апарату службаў бяспекі і нацменшасцяў.

20151126_104256

Дата пачатку адзначэння – 26 лістапада – абраная невыпадкова, менавіта ў гэты дзень нарадзіўся апошні прэзідэнт Польскай Рэспублікі ў выгнанні, ураджэнец Беластоку, Рышард Качароўскі. Расказаў нам супрацоўнік Інстытута – Вальдэмар Вільчэўскі:

Мы хочам прэзентаваць усё, што атрымалася зрабіць за гэтыя гады, галоўныя праблемы і тэмы, якімі займаемся. Ёсць шмат мерапрыемстваў, сёння ўвечары таксама ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу найлепшых гістарычных рэпартажаў. Безумоўна, шмат людзей прыцягвае звычайна дзень адкрытых дзвярэй, які пройдзе ў суботу, калі людзі прыходзяць сем’ямі, каб паглядзець нашыя архівы, мы рыхтуем адмысловыя гульні. Думаю, гэта будзе цікава. Так што хочам паказаць нашую працу.

Яшчэ сёння ўвечары (а 18-ай) дазнаемся пераможцаў конкурсу «Гістарычны рэпартаж года 2015». Сярод намінантаў – журналістка нашага Беларускага Радыё Рацыя Валянціна Лаеўская ды яе рэпартаж «Я іх бачу», прысвечаны пацыфікацыі беларускіх вёсак аддзелам польскага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса «Бурага» ў 1946 годзе. Прыгадаем, што гэтая намінацыя выклікала абурэнне ўльтраправых польскіх СМІ, дзе з’явіліся матэрыялы, накіраваныя супраць аўтаркі рэпартажу.

„Нацыянальныя меншасці заўсёды і паўсюдна знаходзяцца пад кантролем, незалежна ад таго, ці мы гаворым пра міжваенную Польшчу, ці пра сучасныя еўрапейскія краіны”. Такое меркаванне ў час дыскусіі на тэму „Апарат службаў бяспекі ў дачыненні да нацменшасцяў” выказаў прафесар Алег Латышонак. На думку гісторыка, значэнне мае толькі тое, у якой меры службы бяспекі ўплываюць на меншасныя рухі:

У міжваеннай Польшчы, трэба сказаць, усё было вельмі проста. Усё ішло да таго, каб забараніць любую дзейнасць нацменшасцяў, дзе гэта толькі магчыма. А найслабейшыя былі менавіта беларусы, і ў выпадку беларусаў гэта акурат атрымалася. Але трэба таксама сцвердзіць, што стварылася такая атмасфера, што кожная беларуская дзейнасць разглядалася як спрыянне камунізму: і калі гаворка ішла пра навучанне беларускай мовы, і калі гаворка ішла пра нейкую беларускую пастаноўку ў школе.

Прафесар Латышонак лічыць, што так званая “камунізацыя” меншасцяў адбывалася асабліва тады, калі ў іх прадстаўнікоў забіралі іншыя спосабы выказвацца.

Вытрымкі з дыскусіі прапануем паслухаць у далучаным гукавым файле:

(Першым у далучаным гукавым файле выказваецца гісторык з Уроцлава Яраслаў Сырнык, які адзначае, што „белыя плямы” гісторыі 21 стагоддзя ўдалося вывучаць толькі пасля дэмакратычных зменаў у Польшчы, асабліва, калі ў 2001-2002 гадах з’явіўся доступ да матэрыялаў службаў бяспекі).

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.