Алесь Лагвінец: Беларускі кірунак можа стаць сатысфакцыяй для Расеі



Расія праз сваё жаданне дзейнічаць аднабакова, каб выратаваць рэжым Асада ў Сірыі, спрычынілася да новага вітку напружанасці на Блізкім Усходзе. Але канфлікт з Турцыяй – гэта велізарны выклік для Расеі. Ён рэзка павышае ўзровень напружанасці ў рэгіёне, – лічыць палітолаг Алесь Лагвінец. Па яго словах, зараз бакі відавочна не гатовыя да ваеннага канфлікту. Але жорсткае эканамічнае і палітычнае супрацьстаянне Расеі і Турцыі непазбежна. І Беларусь гэтая сітуацыя можа ўскосна закрануць, – лічыць Лагвінец.

– Беларусь знаходзіцца ў велізарнай залежнасці ад Расеі. Для Расеі, у выпадку ейнай паразы, ці фіяска на іншых франтах, беларускі кірунак атрымліваецца важным, бо тут можна, відаць, прасцей атрымаць перамогу. І гэта магчыма азначае ўзмацненне ціску на афіцыйны Менск з мэтаю як мага больш хуткага ўсталявання тут расейскай вайсковай базы, каб паказаць, што Расея гатовая супрацьстаяць краінам НАТА. Як вядома, Турцыя з’яўляецца краінай НАТА.

„З іншага боку, у такой сітуацыі для афіцыйнага Менску адкрываецца дадатковае поле для манёўру, ён можа павышаць кошт гандлю за тую ж авіяцыйную базу,” – лічыць Алесь Лагвінец. „Аднак, улічваючы колькасць праблемаў, якія мае Расія, памеры рэсурсаў, якія яна можа выдаткаваць, каб падтрымаць свайго менскага хаўрусніка, няўхільна змяншаюцца. Таму сітуацыя вельмі нестабільная. І яна становіцца ўсё больш трывожнай для Беларусі, зважаючы на далейшае падзенне эканамічных паказнікаў і жыццёвага ўзроўню ў краіне,” – лічыць Алесь Лагвінец.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя