95-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну



 

У Слуцку адбыліся шэсце ды мітынг, прысвечаныя 95-ым угодкам  Слуцкага збройнага чыну. З Менска прыехалі два “бэнээфаўскія” аўтобусы з дзесятакамі сябраў Партыі БНФ, Маладога фронту ды Руху салідарнасці «Разам». Дагэтуль яны наведалі памятныя мясціны антыбальшавіцкага паўстання ў Грозава, Семежава ды Чырвонай Слабадзе (старажытнай Вызне). У Слуцку да іх далучыліся мясцовыя апазіцыйныя актывісты з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Перад мясцовым краязнаўчым музеям новыя сябры Маладога фронту прынеслі клятву вернасці Беларусі ды Беларускаму народу. У памятных мясцінах запальваліся памінальныя свечкі па героях вызвольнага руху ды спяваўся “Магутны Божа”.

[Not a valid template]

* * *

Слуцкі райвыканкам дазволіў правесці ў Слуцку 28 лістапада ўрачыстую дэманстрацыю і мітынг з нагоды 95-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну. Збор а 14:30 каля будынку Слуцкага краязнаўчага музею. Адтуль калона рушыць да гарадскога парку культуры і адпачынку на вуліцы Віленскай, дзе мае адбыцца ўрачысты мітынг.

Пра герояў-случакоў гаворыць намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі Юрась Беленькі:

– Гэтыя людзі цудоўна разумелі, што будзе, калі расейскія акупанты прыйдуць на іхную зямлю. Што, дарэчы, і здарылася, – гэта смерць, гэта разруха, бяда. Беларусам трэба пра гэта нагадаць цяпер, і нагадаць, што не проста так ўзніклі Курапаты па ўсёй Беларусі.  І колькі бязвінных беларусаў было знішчана гэтымі акупантамі з усходу.

У акцыі плануюць узяць удзел прадстаўнікі Партыі БНФ, Руху «За свабоду», Руху салідарнасці «Разам», Моладзі БНФ ды іншых арганізацыяў. Чакаецца, што прымуць прысягу новыя актывісты «Маладога Фронту».

* * *

27 лістапада — беларускае нацыянальнае свята Дзень герояў – 95-ая гадавіна Слуцкага збройнага чыну, калі за волю Бацькаўшчыны на працягу двух месяцаў змагаліся ад 2 да 10 тысячаў, паводле розных ацэнак, случакоў.

Устаноўленае яно было беларускімі эміграцыйнымі і патрыятычнымі коламі ў 1980 годзе.

_2sN2mx9PPc

Пра ўдзел беларусаў з розных рэгіёнаў Бацькаўшчыны ў гэтым паўстанні з гісторыкам з Менска, Уладзімірам Ляхоўскім, размаўляе Юрка Ляшчынскі:

РР: Тады за волю Бацькаўшчыны змагаліся некалькі тысяч пераважна жыхароў Случчыны, але былі таксама ўраджэнцы іншых рэгіёнаў: з Бабруйшчыны, з Беласточчыны…

Уладзімір Ляхоўскі: Я выявіў чалавека, які нарадзіўся непадалёк ад  Крынак: Аляксандр Семеняка. Гэта той капітан Семеняка, які ў 1917 годзе быў у складзе таго ўкраінскага корпуса, якім камандаваў Паўло Скарапацкі. Потым ён трапіў у Беларусь, пасля таго, як украінскія часткі сышлі з Кіева. Пэўны час быў у Барысаве, дзе загадваў мясцовай гарадской міліцыяй, але з 1919 года, пасля таго як і Барысаў і Менск трапілі пад уладу польскіх легіянераў, ён выразна стаў на бок беларускага нацыянальнага руху, хоць удзельнічаў ён у ім яшчэ з 1917 года. Запісаўся афіцэрам у беларускую вайсковую камісію. Далей, пры эвакуацыі беларускай вайсковай камісіі нейкі час быў у Лодзі, і ў лістападзе 1920 года, у складзе групы афіцэраў ён прыехаў у Слуцак. Трэба сказаць, што з гэтых 22 афіцэраў большасць збегла, як толькі ўбачылі, што трэба сапраўды ваяваць і праліваць кроў і засталіся 4 афіцэры, сярод якіх быў Аляксандр Лаўрэнцьевіч Семеняка. Яму даручылі камандаванне Другім Грозаўскім палком. Ён быў да канца паўстання. Пасля таго, як паўстанне канчаткова ліквідавалі, ягоны след губляецца. Сярод рэпатрыяваных вайскоўцаў яго не было. Ягонае месца жыхарства было на тэрыторыі Польшчы і ён не падлягаў рэпартрыяцыі ў лагер інтэрнаваных. Цяпер трэба шукаць, як слаўся ягоны далейшы лёс. Але гэта сапраўды сенсацыя, бо доўгі час лічылася, што гэта капітан не Аляксандр Семеняка, а Лукаш Семенюк. Выйшла блытаніна. Цяпер, дзякуючы таму, што я выявіў ягоны Curriculum Vitae у Нацыянальным архіве Беларусі можна цвёрда сказаць, што адным з вайсковых кіраўнікоў, камандзірам Другога Грозаўскага палка быў ураджэнец Беласточчыны.

РР: Гэта для нас таксама вялікі гонар, што чалавек з Падляшша, з Беласточчыны, змагаўся за волю Бацькаўшчыны, Беларусі ў 1920-м годзе. Пасля паразы Слуцкага збройнага чыну, як склаўся далейшы лёс случчакоў, якія змагаліся ў 1920-м годзе?

Уладзімір Ляхоўскі: Вельмі па рознаму. Ёсць нават нечаканыя выпадкі, калі чалавек быццам бы лічыўся паланафілам, ці нават двайным агентам, гэта я кажу пра Арсена Паўлюкевіча: было выяўлена, што ён працаваў і на польскую і на савецкую выведку і нават некалькі гадоў адсядзеў у польскай турме, у сумна вядомым лагеры ў Бярозе-Картузскай. Падчас Другой Сусветнай вайны быў у польскім падполлі, хоць праваслаўны, але быў у польскім падполлі, трапіў у Аўшвіц і там загінуў. Іншыя, збольшага, вядома, што той момант, калі яны трапілі ў той лагер у Дарагуску, гэта было такім маральным раскладаннем: яны апынуліся нікому непатрэбнымі. І многія з тых, хто заклікаў іх да змагання, забыліся пра іх у гэты час. У гэтым псіхалагічным надломе многія вярнуліся да сябе, дахаты, ужо пасля таго, як бальшавікі абвясцілі амністыю.  Усе яны, фактычна, ў канцы 20-х — пачатку 30-х гадоў былі рэпрэсаваныя. Былі такія, якія ні пайшлі на да палякаў, ні да саветаў: яны пайшлі ў літоўскае войска і нават працягвалі ўдзельнічаць у анты-польскай партызанцы на польска-літоўскім памежжы ў 1921-1923 гадах. Былі і такія, што засталіся ў анты-савецкай партызанцы на гэтым памежжы: Самусевіч і іншыя людзі. Лёсы вельмі розныя.

 Дзень герояў не з’яўляецца афіцыйным святам у сучаснай Беларусі. А прыхільнікі гэтага свята пераследуюцца рэжымам. Аднак сёлета ёсць афіцыйная згода ўладаў на святкаванне Дня герояў: 28 лістапада ў Слуцку і 29 лістапада — ў Менску.

Поўная размова з Уладзімірам Ляхоўскім прагучыць 27 лістапада ў перадачы мы бачым у 17.30.

 Гутарыў Юра Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя