Прадпрымальнікі запрашаюць Статкевіча далучыцца да пратэстаў
Індывідуальныя прадпрымальнікі запрашаюць Мікалая Статкевіча далучыцца да іхніх акцыяў пратэсту. Нават прапануюць уласны бяспечны фармат. Пакуль былы палітвязень думае над такой прапановай.
— Мяне хвалюе, найперш, сітуацыя з людзьмі, бо мільёны людзей атаварваюцца, купляюць танныя рэчы ў гандлёвых цэнтрах, у прадпрымальнікаў на рынках. Калі ўлада бачыць цікаўнасць дэмакратычных лідараў да гэтай праблемы і калі яны бачаць, што я сустракаюся і робяцца нейкія сумесныя акты палітыкаў і прадпрымальнікаў, дык гэта ўладу звычайна палохае і яны могуць пайсці на саступкі.
Мікалай Статкевіч хоча быць упэўнены, што на акцыю збяруцца не шараговыя апазіцыйныя актывісты, а менавіта прадпрымальнікі, і пажадана, каб іх было хаця б пару тысячаў.
Нагадаем, што многія ІП збіраюцца масава спыніць гандаль з 1 студзеня 2016 года. З гэтае даты, паводле прэзідэнцкага ўказу, прадпрымальнікі не змогуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краінаў Мытнага саюзу, без сертыфікатаў.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя