Абвешчаны вынікі агульнапольскага конкурсу ІНП



Вядомыя вынікі ІІІ агульнапольскага конкурсу Інстытута нацыянальнай памяці на гістарычную перадачу года.

Гран-пры атрымаў дакументальны фільм Марка Відаўскага «Паўстанне і медыцына».

У катэгорыі Мясцовая гісторыя перамог рэпартаж Агнешкі Чаркоўскай  з Радыё Беласток пад назвай: «Расстраляны гадзіннік».

 — Атрымліваць узнагароды вельмі прыемна і гэта заўсёды прыемны момант, але толькі момант. Гэта, як у футболе, ты настолькі добры, як твой апошні рэпартаж. Таму, я ўжо недзе ў іншым месцы. «Расстраляны гадзіннік» я рабіла летась, і гэтая гісторыя ўжо за мною.

Сярод намінантаў быў і рэпартаж журналісткі Радыё Рацыя Валі Лаеўскай «Я іх бачу» пра трагедыю вёскі Заляшаны, якая была спацыфікаваная ўзімку 1946 года аддзеламі польскага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса псеўданім «Буры».

Упершыню гэтая тэма прагучала на такім конкурсе.

 — Гэта поспех для мяне не толькі, як для журналіста, але поспех, перш за ўсё, для гэтай тэмы. Гэтая тэма ўсё яшчэ выклікае эмоцыі і вельмі добра, што выклікае.

Пасля намінацыі гэтага рэпартажу ў крайне правай прэсе з’явілася шмат адмоўных каментароў, кажа дырэктар Беластоцкага аддзелу Інстытуту нацыянальнай памяці Барбара Боярын-Казбэрук.

 — Сапраўды у СМІ з’явіліся галасы, якія былі, паводле мяне, былі скіраваныя супраць аўтаркі. Але я хачу нагадаць, што на конкурсе ацэньваецца рэпартаж, а не аўтар.

На конкурс было даслана больш за 75 радыё і тэлеперадачаў. Гран-пры атрымаў дакументальны фільм пра варшаўскае паўстанне 1944 года Марка Відаўскага.

[Not a valid template]

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя