Віктар Корзун паказаў фільм пра Караткевіча на сядзібе Партыі БНФ
На сядзібе Партыі БНФ адбыўся прагляд дакументальнага фільма “Уладзімір Караткевіч. Душа застанецца”. Ён названы паводле першага радка аднаго з вершаў творцы ды прымеркаваны да 85-годдзя Караткевіча. У цэнтры ўвагі аўтараў — канфлікт паміж вобразам Беларусі, створанай Караткевічам, і Беларуссю, у якой мы жывем зараз. Пасля прагляду адбылося абмеркаванне кінастужкі з удзелам рэжысёра Віктара Корзуна і вядомай спявачкі Касі Камоцкай, якая ў фільме была вядучай. А пра нядаўнюю польскую ўзнагароду кіно распавёў Віктар Корзун.
– Прыз дастаткова высокі, лепшы польскі фільм у катэгорыі рэжысуры на Шчэцінскім фестывалі з такой фармулёўкай “за фільм, які адкрывае новыя шляхі ў рэжысуры дакументальнага кіно”. Гэта сур’ёзная рэч. Канешне, парадаваўся за фільм. У фільме знайшлі не толькі нейкую праваабарончую тэматыку, на ёй ніхто не збіраўся спекуляваць, а фільм ацанілі за творчы узровень, за творчыя дасягненні.
У здымках стужцы ўзялі ўдзел вядомыя беларускія літаратары, музыкі ды грамадскія дзеячы – Рыгор Барадулін, Антось Рудак, Андрэй Хадановіч, Андрэй Мельнікаў, Алесь Марачкін, Валянцін Акудовіч, Алесь Камоцкі, Васіль Сёмуха, Генік Лойка, Адам Мальдзіс, Святлана Курс. На афіцыйных тэлеканалах паказ ленты не плануецца.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя