Восеньская Вільня рыхтуецца да Калядаў



Падарожнічаць у Вільню можна ў кожную пару года. Вясновая Вільня ўпрыгожана зелянінаю дрэваў, у летняй Вільні прыемна схавацца ад спякоты ў старажытных вулічках. Восеньская Вільня — гэта пах кавы і шакаладу і ўпрыгожанні амаль у кожнай маленькай краме.

vilnja8

vilnja21

З Гародні ў Вільню заехаць вельмі проста. Зранку ў літоўскую сталіцу адпраўляюцца два мікрааўтобусы: а 6 і 9 раніцы. Ехаць нават з мяжою тры з паловай гадзіны. Гэтулькі ж, як да Менска. Цана квіткоў у два бакі, калі набываць іх у гарадзенскай транспартнай фірме, 330 тысяч рублёў, а гэта менш за 20 еўра.

Выязджаюць з Вільні таксама два рэйсы а 16-й і а 18-й гадзіне. Не забывайцеся, што розніца паміж беларускім і літоўскім часам, пасля пераходу на зімовы час, складае гадзіну.

Што цікавага можна ўбачыць у Вільні восенню? Ужо з 8 раніцы ў старажытным цэнтры горада пачынаюць працу кавярні і пах смажанай кавы расплываецца па вуліцах горада. Невялічкія крамы з шакаладам прапануюць сваім наведнікам да 20 гатункаў самаробнага шакаладу, а ў кавярнях прапануюць розныя цэпеліны.

vilnja90

Аднак, каб адчуць усе колеры восеньскай Вільні трэба паблукаць па Ужупісу ці, па-беларуску кажучы, Рэспубліцы Зарэчча. Гэта квартал у раёне Ужупіс, жыхары якога абвясцілі незалежнасць. Цяпер Рэспубліка Зарэчча мае свой сцяг, канстытуцыю, прэзідэнта, урад і нават войска. Яны святкуюць Дзень Незалежнасці, 1 красавіка, які таксама называецца Днём Ужупіса.

vilnja567

Для многіх гарадзенцаў ужо стала традыцыяй сфатаграфавацца на фоне знака «Рэспубліка Зарэчча», ці зрабіць сэлфі на фоне Канстытуцыі гэтага раёна Вільні. Кожны дом тут — гэта ці невялічкая атмасферная кавярня, ці арт-галерэя, ці нейкі артаб’ект. Людзі тут таксама трапляюцца розныя і размаўляюць яны на розных мовах.

Сёлета цікавы арт-аб’ект, што з’явіўся амаль у самым цэнтры Вільні – гэта ялінка, якая выглядае як дом лясных жыхароў з вокнамі, якія запальваюцца з надыходам вечара.

vilnja14

За савецкім часам жыхары Гародні ездзілі ў Вільню па цукеркі і каўбасу, папіць кавы і паблукаць старажытнымі вулачкамі. Цяпер, са з’яўленнем цягніка Гародня-Вільня, які, што праўда, ходзіць толькі па выходных колькасць наведнікаў літоўскай сталіцы павялічыцца.

[Not a valid template]

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя