На Гарадзеншчыне скарачаецца прыватны сектар эканомікі



На Гарадзеншчыне скарачаецца колькасць арганізацый паза-дзяржаўнага сектара эканомікі. Па звестках абласнога ўпраўлення статыстыкі, на працягу года прыватны бізнес рэгіёна страціў 375 плацельшчыкаў.

На тэрыторыі Гарадзеншчыны дзейнічаюць больш за 13 тысяч недзяржаўных арганізацыяў, якія пералічылі ў бюджэт 170 мільёнаў даляраў.

Як зазначае кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук, змяншэнне колькасці прыватных арганізацый выклікана неспрыяльнымі ўмовамі развіцця малога і сярэдняга бізнесу ў краіне:

— Бізнес кажа, слухайце, калі так будзе і далей мы проста з’едзем з краіны. Няма магчымасці займацца: арэнду павысілі, падатак на нерухомасць павысілі, зямельны падатак павысілі, мы губляем людзей, губляем грошы, губляем будучыню.

Нягледзячы на скарачэнне колькасці прыватных суб’ектаў гаспадарання, не змяншаецца лічба падаткаў, якія прыватныя арганізацыі плацяць у бюджэт. Сёлета недзяржаўныя арганізацыі заплацілі на паўтара мільёны даляраў болей, чым летась.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня