Беларусь стварае ўласныя крылатыя ракеты «Бусел»?
«І беларускія, і ўкраінскія эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што РСЗА «Паланэз» толькі прамежкавая прыступка да стварэння Менскам уласнага аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу, абсталяванага крылатымі ракетамі беларускай вытворчасці (ёсць звесткі, што яны атрымаюць назву «Бусел»).
Сапраўды, абавязковай умовай для гарантаванага знішчэння вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі праціўніка з’яўляецца эфектыўнае пераадоленне сістэмы СПА — тыповая задача для крылатых ракет», — піша выданне.
Магчымасці Беларусі па стварэнні сучасных высокадакладных ракет выклікалі б пэўныя сумненні, асабліва пасля анансавання РСЗА «Паланэз», калі б не некаторыя нюансы.
«Улічваючы залішне цесныя беларуска-ўкраінскія дачыненні, перспектывы стварэння беларускай крылатай ракеты «Бусел» становяцца куды больш выразнымі. Бо яшчэ ў пачатку 2012 года ўкраінскай кампаніі «Матор Січ» было прададзена 60% акцый Аршанскага авіярамонтнага завода. Як аказалася, адной з умоваў здзелкі, акрамя ўсяго іншага, была наладка вытворчасці газатурбінных рухавікоў. З улікам сучасных рэалій, відавочна, што ў Воршы рыхтуюцца (ці ўжо гатовыя) наладзіць выпуск ракетных рухавікоў МС-350 або МС-400 для патрэб Беларусі.
Дарэчы, менавіта на базе МС-400 Кітай у 2009 годзе стварыў уласную крылатую ракету CJ-10, вельмі падобную да ўкраінскага аналага «Каршун». Мабыць, не выпадкова Менск выбраў Пекін як партнёра па стварэнні сваёй рэактыўнай сістэмы залпавага агню — на гарызонце маячыць уласны ракетны комплекс», — піша аўтар артыкула расейскае выдання «Бортовой журнал».
Беларускім абароншчыкам ужо не ўпершыню ўдзельнічаць у праекце па стварэнні АТРК, абсталяванага крылатымі ракетамі. Так, на міжнароднай выставе абароннай прамысловасці IDEAS-2008 Пакістан прадставіў мабільную пускавую ўстаноўку крылатых ракет «Babur» на шасі Менскага завода колавых цягачоў МЗКЦ-79292. Сама ракета абсталявана ўсё тым жа МС-400.
«Падобна, што стварэнне Менскам уласнай АТРК, абсталяванай крылатымі ракетамі, толькі справа часу. Іншае пытанне, што прымусіла Беларусь ва ўмовах эканамічных цяжкасцяў фарсіраваць сваю ракетную праграму? Цалкам верагодна, што значная роля ў гэтым пытанні належыць узрастанню роўня напружанасці ў рэгіёне, а таксама нежаданне Масквы паставіць Менску сучаснае ўзбраенне тыпу ЗРК С-400 або АТРК «Іскандэр», – гаворыцца ў артыкуле.
Паведамляе flanker.su