Украінскія СМІ працуюць ва ўмовах контрпрапаганды



“Украінскія СМІ вымушаныя працаваць ва ўмовах контрпрапаганды для таго, каб супрацьстаяць расейскай інфармацыйнай агрэсіі”, – такую думку журналіст  незалежнага тэлеканала “112 Україна” Віктар Каламіец выказаў у інтэрв’ю для нашага радыё. Праўда, паводле яго, ёсць пэўныя станоўчыя тэндэнцыі ва ўкраінскім інфармацыйным полі:

– З прыходам новай улады мы бачым пэўную дэмакратызацыю. На жаль, мы перажываем савецкую спадчыннасць. Любая ўлада, якой бы яна не была, імкнецца СМІ падпарадкаваць сабе. Калі гэта тычыцца дзяржаўных СМІ, то гэта праяўляецца ў тым, што зверху даюцца загады, што нам рабіць. Хоць некаторыя зрухі ёсць – створана грамадскае тэлебачанне, якое імкнецца як мага далей адысці ад гэтых рамак. Прэса працуе ў адносна свабодных умовах.

Феномен украінскага тэлебачання – тэлеканал навінаў “112 Україна”, на якім працуе Віктар Каламіец, з’явіўся ў эфіры ў 2013 годзе. Рэсурс, які не мае аналагаў, вяшчае ў хуткасным рэжыме online 24 гадзіны ў суткі, прапануе гледачам апынуцца ў цэнтры найбольш значных падзей, якія адбываюцца ва Украіне і ва ўсім свеце.

Уладальніку тэлеканала неаднаразова паступалі настойлівыя прапановы прадаць гэты канал, гэта суправаджалася праверкамі падатковай ды візітамі праваахоўнікаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя