Акцыя ў падтрымку ўцекачоў з Украіны



У Гарадзенскім абласным аддзяленні Беларускага чырвонага крыжа адбываецца акцыя ў падтрымку ўцекачоў з Украіны. Жыхары Данецкай і Луганскай абласцей, якія знаходзяцца на тэрыторыі Прынёмання, маюць магчымасць атрымаць ваўчары для набыцця неабходных прадуктаў і рэчаў. Акцыя арганізавана пры фінансавай падтрымцы Міжнароднага камітэта чырвонага крыжа і працягнецца да 5 снежня. На дапамогу ўцекачам, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, выдаткавана  больш за 360 000 даляраў.

Як зазначае старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення Чырвонага крыжа Раманія Скамарошка, дапамога ўцекачам з Украіны – адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці арганізацыі:

– Вельмі цяжка ў любым узросце кінуць свой дом, родных, пераехаць у іншую краіну і пачаць новае жыццё. Пэўная катэгорыя мігрантаў з Украіны можа атрымаць сертыфікат і разам з нашым супрацоўнікам схадзіць у магазін. На дапамогу выдзяляюцца значныя сумы.

Атрымаць дапамогу маюць магчымасць уцекачы з цяжкімі формамі інваліднасці, шматдзетныя сем’і, людзі без сталага заробку і тыя, хто не ў стане вярнуцца на радзіму бліжэйшым часам. Паводле дадзеных Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, пачынаючы з чэрвеня 2014 года, у Беларусь прыехала каля ста пяцідзесяці тысяч вымушаных мігрантаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота bloknot-voronezh.ru