“Матчын рух 328” падаў дакументы на рэгістрацыю



Актывісты ініцыятыўнай групы па стварэнню грамадска-асветніцкага аб’яднання “Матчын рух 328” падалі дакументы на рэгістрацыю. Маці дзяцей, асуджаных па артыкулах за наркотыкі, хочуць дзейнічаць легальна не толькі ў інтарэсах сваіх дзяцей, але і весці працу, накіраваную на зніжэнне распаўсюду і ўжывання наркотыкаў.

Як зазначае старшыня арганізацыі Ларыса Жыгар, гэта спроба супольнымі намаганнямі дастукацца да ўладаў і паказаць грамадству, што, прыцягваючы да адказнасці моладзь, праваахоўнікі часта самі парушаюць заканадаўства:

– Не памяншаецца ўжыванне наркотыкаў. Усё толькі павялічваецца і павялічваецца. І разам з тым павялічваюцца і тэрміны пакарання за наркотыкі. І нават не за распаўсюд. Частка першая раптам перакваліфікавалася на частку 3-ю. А гэта ўжо ад 11 гадоў і вышэй. Сапраўды вострая праблема нашай дзяржавы, і яе трэба вырашаць. Я думаю, што трэба вырашаць агульнымі намаганнямі – і высілкамі мацярок, і высілкамі праваахоўнай сістэмы.

На працягу месяца ўпраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама павінна прыняць рашэнне аб рэгістрацыі арганізацыі, ці адмове ў такой магчымасці. У выпадку станоўчага разгляду пытання “Матчын рух 328” атрымае магчымасць дзейнічаць легальна.

Беларускае Радыё Рацыя