Беларусь прыме чэмпіянат Еўропы па індархакеі
З 22 па 24 студзеня 2015 г. у менскім „Палацы спорту” упершыню пройдзе фінал чэмпіянату Еўропы па індархакеі (хакей на траве ў закрытых памяшканнях) сярод жаночых каманд. Спаборніцтвы з’яўляюцца другімі па значнасці пасля чэмпіянату свету і збяруць наймацнейшых спартоўцаў кантынента, паведамляе „Прэсбол„.
Права на правядзенне фіналу чэмпіянату Еўропы па індархакеі ў горадзе Менску было прадастаўлена Еўрапейскай федэрацыяй хакея на траве, якая ўваходзіць у склад Міжнароднай федэрацыі па гэтаму віду спорту і з’яўляецца галоўным арганізатарам кантынентальнага першынства.
Каманды-ўдзельніцы падзеленыя на 2 групы па 4 у кожнай. Група А: Нідэрланды, Чэхія, Польшча, Бельгія. Група В: Германія, Аўстрыя, Беларусь, Украіна.
У раўнд плэй-оф выходзіць па 2 каманды з кожнай групы. На турніры ў Менску зборная Беларусі пад кіраўніцтвам галандскага спецыяліста Хермана Круіса будзе змагацца за пуцёўку на чэмпіянат свету 2018 года ў Аргентыне.