Людміла Гразнова: Кампанія супраць карупцыі можа падарваць устойлівасць вертыкалі ўлады



Кампанія супраць карупцыі, якую Аляксандр Лукашэнка разгарнуў у Беларусі, можа стаць небяспечнай для яго самого, – лічыць кіраўнік „Правабарончага альянсу” Людміла Гразнова.

Паводле яе ўлада разыгрывае старую гульню – паказаць народу, што прэзідэнт „чэсны”, а выканаўцы дрэнныя. Другой мэтай з’яўляецца ціск на наменклатуру.

– Калі гэтая карупцыйная барацьба пяройдзе ў больш вострую фазу, яна можа парушыць ці падарваць устойлівасць вертыкалі ўлады, і тады стабільнасць усёй нашай падітычнай сістэмы будзе пад пагрозай.

Як нагадвае Людміла Гразнова, раней такія кампаніі падвышалі рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі. Але гэта было ў часы стабільных добрых адносін з кіраўніцтвам Расеі.

Цяпер, калі гэтыя адносіны маюць шмат супярэчнасцяў, маштабная барацьба з карупцыяй можа абярнуцца супраць самаго кіраўніка Беларусі, калі значная частка наменклатуры і бізнесу адвярнецца ад яго, напрыклад, палічыўшы, што расейская сістэма ўлады з’яўляецца больш прывабнай – лічыць Людміла Гразнова.

 Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя