Пенсійны ўзрост могуць падвысіць у наступным годзе
„Скарачэнне сацыяльных гарантый паказвае на адсутнасць у бюджэце грошай”, – так лічыць дэпутат Гомельскага гарадскога савета 21 склікання Андрэй Толчын.
Як заўважаюць эксперты, пенсійны ўзрост могуць падвысіць ужо ў наступным годзе.
Паводле Андрэя Толчына, такі крок будзе мець негатыўныя наступствы:
– Падвышэнне пенсійнага ўзросту – гэта што? У нас здароўя стала болей ці якасць жыцця палепшылася? Не. У нас пустуюць працоўныя месцы? Не. У нас вялікае беспрацоўе. Проста няма грошай: грошы пайшлі на чынавенства і сілавыя структуры. Таму, каб не плаціць людзям пенсію, ім падвышаюць узрост. Я буду цынічным, але скажу: пакуль чалавек дажыве да пенсіі, шмат хто памрэ, і не трэба будзе плаціць.
У Беларусі налічваецца 2,5 мільёны пенсіянераў. Жанчыны сыходзяць на пенсію ў 55 год, мужчыны – у 60. Паводле статыстычных дадзеных, сярэдняя працягласць жыцця мужчын у Беларусі складае 66 год, жанчын – 77.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель