За тры тыдні ўкладчыкі забралі з банкаў трыльён рублёў



За тры тыдні дзеяння дэкрэта №7 «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)» адток укладаў склаў менш за 1 трлн. рублёў і 60 млн. даляраў ЗША, паведамляе БелаПАН.

Намеснік старшыні праўлення Тарас Надольны заявіў: «Мы чакалі пэўнага адтоку ўкладаў. Але можна сказаць, што нейкага ажыятажу за першыя тры тыдні дзеяння дэкрэта на рынку укладаў не было». Ён адзначыў, што ўсяго ў банках размешчана ўкладаў на 188 трлн. рублёў і 8 млрд. даляраў.

Пры гэтым Надольны адзначыў, што дзеянне дэкрэта дазволіць знізіць стаўкі па крэдытах на грашовым рынку і зробіць іх больш даступнымі для насельніцтва.

Дэкрэт «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)» быў падпісаны 11 лістапада. Сёння дакумент адобрылі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Дэкрэт увёў на дэпазітным рынку два віды ўкладаў: адзыўныя (якія дазваляюць датэрмінова забраць уклад) і безадзыўныя, якія прадугледжваюць, што зберажэнні ўкладчыка будуць знаходзіцца ў банку ўвесь тэрмін размяшчэння ўкладу. Да прыняцця дэкрэта ўсе ўклады ў Беларусі, па сутнасці, былі адзыўныя: Банкаўскі кодэкс абавязваў банкі вярнуць ўклад па патрабаванню кліента на працягу пяці дзён.