Ці задаволена апазіцыя адказам Еўразвязу?
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пракаментаваў адказ Еўразвязу на зварот беларускай апазіцыі.
Нагадаем, што пяць прадстаўнікоў апазіцыі накіравалі кіраўніцтву Еўразвязу і Еўрапарламента ліст, які тычыцца ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне і далейшых дачыненняў ЕЗ і Беларусі. У лісце было прапанавана рэалізаваць пакрокавую дарожную карту дэмакратычных зменаў у Беларусі і развіцця дыялогу з Еўразвязам.
Старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск, кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер і вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні адказалі на гэты зварот, піша БелаПАН.
Адрасаты ліста падзякавалі аўтарам за з’яўленне сумеснага паслання і паведамілі, што яны „прынялі да ведама аналіз сітуацыі”. „Існаванне моцнай апазіцыі – гэта жыццёвая неабходнасць для развіцця дэмакратычных і плюралістычных грамадстваў. Выбарчае заканадаўства і працэдуры, якія адпавядаюць міжнародным стандартам, безумоўна, вельмі важныя для гарантавання грамадзянам магчымасці рэальнага выбару”, – сказана ў лісце ў адказ.
Анатоль Лябедзька: Асабіста я задаволены, што ёсць адказ на такім высокім узроўні. Давайце будзем рэалістамі. Сёння Еўропа мае зусім іншы парадак дня прыярытэтаў. А для нас, хто неабыякавы да лёсу краіны, надзвычай важна нейкім чынам факусаваць увагу і на Беларусі, каб наогул не выпалі з парадку дня. Гэта самае галоўнае. І тут ўсе захады, якія прымаюцца, якія прымушаюць і матывуюць еўрапейскіх лідараў думаць пра Беларусь, вельмі актуальныя. Тое, што нам удалося ўцягнуць еўрачыноўнікаў у дыскусію пра дарожную мапу, – маленькі поспех. І ў адказе мяне цалкам задавальняе тое, што Еўропа пачынае гаварыць пра стандарты АБСЕ на выбарах і змены ў выбарчым заканадаўстве. Думаю, наша задача зараз заключаецца ў тым, каб кожны еўрапейскі палітык пачынаў усе свае размовы падчас візіту ў Беларусь з таго, што краіне неабходна вярнуць празрыстыя выбары. Калі так адбудзецца, то гэта будзе ўжо другі поспех. Мы ж маем ужо практыку па палітвязнях. Раней, хто б у Беларусь не прыязджаў, пачынаў гаворку менавіта з гэтага. Улада зразумела, што пытанне альбо трэба вырашаць, альбо ўзнікне тупіковая сітуацыя. І гэта дазволіла выйсці на волю палітычным зняволеным. Мяркую, такая стратэгія можа спрацаваць і са зменамі ў выбарчым заканадаўстве.
РР: Але адказ еўрапалітыкаў быў даволі асцярожным…
Анатоль Лябедзька: Я разумею, што ліст пісалі не трыбуны, а дыпламаты, таму і падабраны такі стыль. Але, думаю, гэтае пасланне даволі яснае для афіцыйнага Менска: маўляў, Еўразвяз, нават маючы нейкі фармат дыялогу з уладамі, не здымае з парадку ні праблему выбараў, ні пытанні свабоды слова і грамадзянскай супольнасці.
РР: Не складае ж, напэўна, ніякай цяжкасці распісаць парадак дня, дзе будзе дакладна ўказана, калі і якія крокі гатовыя зрабіць беларускія ўлады. Ці не так?
Анатоль Лябедзька: Гэта мы якраз і прапаноўвалі ў сваім звароце. Рэфлексія на гэтыя пункты ёсць, але без прывязкі да датаў. Я думаю, што гэта будзе вырашацца больш у закрытым рэжыме, чым у публічным. На наступным тыдні ў Менск прыязджае высокі чыноўнік ЕЗ Гунар Віганд, ён сустрэнецца і з апазіцыяй, і з афіцыйнымі прадстаўнікамі. Таму мы працягнем дыялог. Наш дакумент разлічаны на перспектыву, трэба выкарыстоўваць любыя магчымасці.
РР: У лютым Еўразвяз будзе разглядаць пытанне санкцый да Беларусі, якія зараз прыпынены. Да гэтага часу ці змогуць прыняць нейкае рашэнне па тых прапановах, што вы даслалі?
Анатоль Лябедзька: Я хачу сказаць, што ў Бруселі па гэтым пытанні самыя розныя настроі. Пачынаючы, што абмежаванні наогул трэба зняць, да таго, што неабходна дарожная мапа. Таму падчас прыезду Віганда і пойдзе размова, пры якіх умовах можна будзе гаварыць пра зняцце кропкавых абмежаванняў. Нам трэба змагацца за тое, каб адмена абмежаванняў была прывязана да канкрэтных крытэраў ацэнкі сітуацыі і канкрэтных крокаў, якія мусяць быць зробленымі ўладамі. Вось гэта пытанне нумар адзін на бліжэйшы час.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя