Пратэсты жыхароў Грабаўкі (абноўлена)
Стварэнне новай гміны Грабаўка пад пытаннем. На сайце польскага Урада з’явіўся праект рапараджэння, якое адмяняе папярэдняе рашэнне Савета Міністраў у справе яе стварэння.
Жыхары, якія змагаліся за стварэнне новай гміны папярэджваюць, што будуць пратэставаць, кажа солтыс вёскі Засцянкі Павел Каранкевіч.
— Нехта зрабіў нам такі вось «падарунак». У інтэрнэце можна ўбачыць, як гэта выглядае: нібы ёсць нейкі праект новага распараджэння, пра адмену старога распараджэння мінулага Урада і мы не ведаем, што цяпер будзе. Мы будзем блакаваць дарогу ў кірунку на Баброўнікі, транспартную развязку ў Грабаўцы, хто хоча, няхай прыходзіць. Усіх людзей, які неабыякавы лёс нашай гміны мы запрашаем да ўдзелу.
Пратэсты жыхароў Грабаўкі і навакольных вёсак будуць адбывацца 4 – 6 снежня з 14 да 16 гадзінаў паводле польскага часу.
Рашэнне пра падзел гміны Супрасль і стварэнне новай гміны Грабаўка не задавальняе бурмістра Супрасля Радаслава Дабравольскага, які 4 снежня быў на пратэсце і пераконваў, што патрэбныя сустрэчы і дыскусіі, каб выйсці з гэтай сітуацыі. Дабравольскі прапанаваў арганізацыю “круглага стала”:
— Я хачу захаваць тую ўправу, якая тут ужо ствараецца, каб яна была тут, як філіял гміны Супрасль у Грабаўцы з усімі аддзеламі, якія б абслугоўвалі жыхароў Грабаўкі, Засцянак, Сабалева і іншых мясцовасцяў. Я хачу, каб тыя інвестыцыі, што былі запланаваныя ў праекце бюджэту для Грабаўкі не проста засталіся такімі ж, але каб гэты бюджэт яшчэ і павялічыўся.
Прадстаўнікі жыхароў Грабаўкі паехалі таксама ў Варшаву, каб падаць петыцыю супраць планаў адмены стварэння новай гміны. Пра гэта паведаміў дэпутат польскага Сейму ад партыі Грамадзянская платформа Роберт Тышкевіч. Петыцыю хочуць уручыць міністру ўнутраных справаў Мар’юшу Блашчаку і старшыні партыі Закон і справядлівасць, Яраславу Качыньскаму.
Сам Роберт Тышкевіч таксама хоча падаць інтэрпеляцыю на рукі міністра Блашчака ў абароне жыхароў Грабаўкі.
— Не было аніякай кансультацыі з жыхарамі. Супольнасць Грабаўкі ўжо амаль дваццаць гадоў дамагаецца сваёй гміны: яны стварылі ініцыятыўную групу, самастойна падрыхтавалі шэраг дакументаў, якія дазволілі прыняць рашэнне пра стварэнне гміны Грабаўка, а цяпер у іх ніхто нават не спытаў, што яны думаюць. Той праект пастановы, якія адмяняе рашэнне аб стварэнні гміны Грабаўка быў прыняты і апублікаваны без кансультацыяў. Я пытаю: ці гэтыя кансультацыі будуць? І чакаю гэтых кансультацыяў.
Падрыхтоўка да стварэння новай гміны ішла некалькі месяцаў. За яе стварэнне жыхары змагаліся на працягу некалькіх гадоў. У яе склад павінны былі ўвайсці вёскі Засцянкі, Грабоўка, Генрыкава, Собалева і Саўляны. На наступным тыдні павінна была адбыцца кансультатыўная сустрэча па гэтым пытанні, аднак, з-за праекта распараджэнне было адменена.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фоты аўтара