Сяргей Калякін: У нас з кіраўніцтвам ЕЗ супадаюць пазіцыі
Брусель будзе настойваць на паляпшэнні сітуацыі з выбарчым заканадаўствам у Беларусі, а таксама будзе далучаць грамадзянскую супольнасць да працэсу развіцця адносінаў з Менскам. Пра гэта гаворыцца ў адказе Вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні на нядаўні ліст лідараў беларускай апазіцыі ў адрас кіраўніцтва ЕЗ. Як адзначае адзін з падпісантаў гэтага ліста старшыні партыі левых “Справядлівы свет” Сяргея Калякіна, пазіцыя Еўразвязу адпавядае памкненням беларускай дэмакратычнай супольнасці.
– Важны вывад з гэтага адказу, што ў нас гэтыя пазіцыі супадаюць. Яны разумеюць, што аднабаковага руху быць не можа. Што не можа быць збліжэння з Еўразвязам без выканання Беларуссю сваіх абавязкаў у галіне дэмакратычнага ўладкавання, выканання правоў чалавека, у тым ліку ў такім важным пытанні, як права грамадзян выбіраць сваю ўладу.
Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец і Мікалай Статкевіч напрыканцы кастрычніка накіравалі сумесны ліст кіраўнікам Еўразвяза Дональду Туску, Жан-Клоду Юнкеру, Марціну Шульцу ды іншым. У ім апазіцыянеры заклікалі Брусель выставіць Менску палітычныя ўмовы, перш чым адмяняць санкцыі: рэфармаваць выбарчае заканадаўства, сесці за круглы стол з апазіцыяй і правесці сумленныя парламенцкія выбары ў 2016 годзе.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя