Беластачане змогуць пакланіцца рэліквіям з гары Афон
На Падляшшы працягваецца паломніцтва рэліквій з гары Афон. У сераду, 20 жніўня, саркафагу з рукой святой Марыі Магдаліны і часткай крыжа Гасподняга вернікі змогуць пакланіцца ў Слохах Аннапольскіх ля Сямяцічаў, а пасля поўдня – у Беластоку. Тут рэліквіі прывязуць у сабор святога Мікалая, дзе ў 18 гадзінаў пачнецца ўсяночная.
Айцец Адам Місіюк адзначае, што мошчы святой Марыі Магдаліны даследавалі і навукоўцы, якіх здзіўляў той факт, што захоўваюць яны тэмпературу жывога людскога арганізма.
– Была група навукоўцаў, якая наведала Святую Гару, каб даследаваць рэліквіі, ці сапраўды мошчы Марыі Магдаліны захоўваюць тэмпературу чалавечага цела. Была зіма, мошчы вынеслі і паклалі на снег. Праз некаторы час снег вакол рэліквій пачаў таяць. Навукоўцы пагадзіліся, што гэта не падман.
У чацвер сабор адкрыюць вернікам у 4.30, пасля ўтрэнні рэліквіі паедуць далей у Вроцлаў. Паломніцтва рэліквій з гары Афон у Польшчы закончыцца ў суботу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Давіда Гайко