Пінская экскурсія па слядах Ежы Орды
“Ежы Орда – у пошуках знакамітага земляка”. Пад такой назвай у Пінску і яго ваколіцах адбылася экскурсія, прысвечаная 110-годдзю гісторыка, мастацтвазнаўцы Ежы Орды. Ён даследваў Вялікае Княства Літоўскае і абараніў доктарскую працу па сярэдневечнай гісторыі Пінска. Гісторык нарадзіўся пад Пінскам, але ўсё ягонае жыццё звязанае з Вільняй, адзначае краязнаўца Эдуард Злобін. Па яго словах, пінчук мае дачыненне да акцыі па выратаванню Вострай Брамы:
– У 1932 годзе была надрукаваная яго доктарская праца па гісторыі Піншчыны да сярэдзіны 17 стагоддзя. Ён працаваў у архіве і бібліятэцы ў Вільні, пасля вайны – у літоўскай Акадэміі навук. Сярод віленскай інтэлігенцыі ён вызначыўся яшчэ і тым, пра гэта згадваюць многія даследчыкі і яго біёграфы, што пасля вайны ён бараніў і выратаваў у Вільні знакамітую Вострую Браму.
Вядомы беларускі род Ордаў вельмі звязаны з Піншчынай. У Пінску яшчэ засталіся будынкі, якія калісьці належылі роду. А на старажытных гарадскіх могілках захаваліся некалькі пахаванняў прадстаўнікоў Ордаў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя