Святлана Алексіевіч: Дыктатура – прымітыўнае стварэнне



6 снежня лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры, беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч дала прэс-канферэнцыю ў Шведскай акадэміі ў Стакгольме.

alexijewitsch

Пытанне ад Радыё «Свабода»: Аляксандра Дынько задае на беларускай мове пытанне пра тое, што яшчэ можна зрабіць для Беларусі.

Святлана Алексіевіч: «Трэба рабіць сваю справу, рабіць яе спакойна, без роспачы. Нават статус не дапамагае, калі ты жывеш ва ўмовах дыктатуры. Дыктатура — прымітыўнае стварэнне, на яе чале звычайна неразумныя людзі».

Яна нагадвае, што ўжо падпісала за апошнія дні некалькі лістоў у падтрымку розных людзей, уключаючы Надзею Саўчанку. Кажа, што раззлаваная, наколькі мала часам можа зрабіць добры чалавек.

Японскі журналіст цікавіцца меркаваннем Святланы Алексіевіч пра атамную энергетыку, нагадваючы пра прыклад Фукусімы.

Алексіевіч распавядае, як была ў Японіі, удзельнічала ў абмеркаванні праблем Чарнобыля, і там казалі, што ў Японіі такое немагчыма, але ў выніку катастрофа ўсё-такі адбылася. На думку Святланы Алексіевіч, гэта даказвае, што чалавек яшчэ не можа справіцца з атамнай энергіяй. «Атамная энергія — небяспечная энергія. Чалавецтва рана ці позна прыйдзе да таго, што патрэбныя альтэрнатывы», – сказала яна.

«Мяне ўзрушыла супадзенне таго, што я бачыла ў Чарнобылі і што чытала пра Фукусіму: той жа падман дзяржавы, тыя ж людзі-камікадзэ, тыя ж людзі, якія павінны былі з’ехаць адтуль», — працягвае лаўрэатка, называючы праблему ядзернай энергетыкі адной з галоўных, якія стаяць сёння перад чалавецтвам. Алексіевіч дадае, што хоча прыехаць у Фукусіму вясной.

вввв

На пытанне ад шведскага журналіста пра тое, што дапамагае Святлане Алексіевіч не спыняцца ў сваёй творчасці, працягваць пісаць, лаўрэатка адказала:  «Жыццё — гэта вельмі цікавая рэч. Я ж не пішу для таго, каб атрымаць Нобелеўскую прэмію (усміхаецца). Я хацела, калі пачала пісаць, зразумець, хто мы, што мы за людзі, чаму мы так непрыгожа і нядобра жывём. Я бачыла, як пакутуюць людзі вакол мяне, я хацела ў гэтым разабрацца».

Пісьменніца распавяла пра сваю ўкраінскую бабулю, якая выгадавала сама чацвярых дзяцей, атрымала пенсію 10 рублёў і цалавала гэтую паперку. «Я глядзела на гэта і думала: я пра гэта напішу, — успамінае Алексіевіч. — Мною ўвесь час рухае гэта: людзі добрыя, а жыццё — нядобрае. Я ўвесь час шукаю адказ, чаму так».

Пытанне ад тэлеканала «Белсат» таксама гучыць на беларускай мове. Журналіст пытаецца, што для Алексіевіч сімвал Беларусі і ці ўзяла яна што-небудзь з Беларусі ў Стакгольм.

Святлана Алексіевіч: «Я ўжо даўно не збіраю матэрыяльныя рэчы, я збіраю свае станы. З першага дня, калі стала вядома, што мяне ўзнагародзілі Нобелеўскай прэміяй, я бачу радасныя твары беларускіх людзей. Людзі падыходзяць да мяне, абдымаюць, рады, што гэта адбылося. Вось гэта я і бяру з сабой».

Пісьменніца назвала сімвалам Беларусі беларускую вёску як адначасова і аснову беларускага жыцця і тое, што няздольнае да пераменаў, што затрымлівае развіццё краіны.

Пытанне TUT.BY пра тое, што б Алексіевіч адказалі крытыкам, якія кажуць, што прэмію ёй далі за русафобію, што прэмія палітызаваная.

Святлана Алексіевіч: «Я стаўлюся да гэтага спакойна. Мяне судзілі за мае кнігі, мяне доўга не друкавалі, мяне выганялі з працы за мае кнігі. Гэта нармальна ў нас». Яна нагадвае, што расейскіх пісьменнікаў, якія атрымлівалі прэмію, «ніколі не прымалі на радзіме, заўсёды называлі ворагам народа». Кажа, што і сёння яе абвінавачваюць, што яна палівае брудам народ, Пуціна, Лукашэнку. «Не, я проста пішу тое, што бачу», — тлумачыць яна.

Сёння місія мастака, на думку пісьменніцы, зразумець і паспрабаваць патлумачыць тое самадзяржаўе і сярэднявечча, якое з’явілася ў Расеі, ці Беларусі, ці Казахстане.

йцйцй

Пытанне ад шведскага тэлебачання пра тое, ці была нейкая рэакцыя на прэмію ў Беларусі.

«Рэакцыя людзей — выдатная, добрая. Людзі разумеюць, што яны спазняюцца ў часе, што час спыніўся, ім патрэбныя сімвалы руху наперад», — адказвае Алексіевіч. «Рэакцыя ўлады агрэсіўная. У афіцыйнай прэсе былі маленькія паведамленні, толькі апазіцыйныя газеты пісалі. У некалькіх крамах кнігі прадаюцца. Але тэлебачанне маўчыць, радыё маўчыць».

Пытанне ад маскоўскага кніжнага часопіса: «Як вы знайшлі і выпрацавалі свой мастацкі метад? І ці заўсёды імкнуліся да дакументалістыкі?»

«На гэта можна доўга адказваць. Мае бацькі — сельскія настаўнікі, і ў нашым доме былі толькі кнігі, не памятаю іншых рэчаў у доме, — кажа Алексіевіч.Але тым не менш, на вуліцы мне слухаць людзей мне было нашмат цікавей. У маёй свядомасці гэта заўсёды прысутнічала. Калі я стала журналісткай, я шукала сябе, у нас у Беларусі з’явіліся кнігі Алеся Адамовіча, які паспрабаваў зрабіць кнігу з размоў з людзьмі». Яна кажа, што калі прачытала гэты «раман галасоў» «Я з вогненнай вёскі», пераканалася, што гэта — яе шлях.

«У мяне адчуванне, што праўда не змяшчаецца ў адзін розум, у адно сэрца. Яна раздробленая ў свеце. Гаворачы з людзьмі, са сведкамі, можна апынуцца бліжэй да падзеі, больш пра яе распавесці», — працягвае лаўрэатка.

Алексіевіч кажа, што сёння складанасць адлюстравання рэальнасці ў тым, што ўсе паскорылася, няма часу ў нас усё абдумаць, «новы змест патрабуе новых формаў».

Журналістка расейскага агенцтва ТАСС віншуе пісьменніцу з узнагародай і пытаецца, чым Алексіевіч перыяду «У вайны не жаночы твар» адрозніваецца ад Алексіевіч перыяду «Час сэканд хэнд». І другое пытанне: ці праўда, што Алексіевіч адмовілася ад таго, каб надзець сукенку на цырымонію?

«Наколькі я ведаю, лаўрэат дастаткова вольны ў вопратцы», — смяецца Алексіевіч. Яна тлумачыць, што было б дзіўна ў дэкальтэ або доўгай сукенцы казаць пра тое, што яна плануе казаць: пра вайну, пра Чарнобыль…

На пытанне пра ўласную эвалюцыю пісьменніца кажа: «Тады я была маладая, у мяне было шмат ілюзій. Я ж таксама не адразу стала свабоднай і вызвалілася ад камуністычных ілюзій. Апошнюю кнігу напісаў чалавек, ужл свабодны ад іх. Мне ўжо цяжэй верыць у чалавека, у будучыню. Я веру ва ўсё гэта, але не так неабдумана і не так лёгка».

Пытанне ад японскай журналісткі: чаму Святлана Алексіевіч абрала для сваёй наступнай кніжкі тэму кахання? Журналістка таксама радуецца, што пісьменніца прыедзе ў Фукусіму ў наступным годзе, кажа, што яе кніга там — бэстсэлер, а леташняе інтэрв’ю са Святланай было для гэтай журналісткі самай знамянальнай падзеяй у кар’еры. Пытаецца, чым Алексіевіч будзе займацца ў Японіі.

Святлана Алексіевіч: «Я не думаю, што каханне — гэта лёгкая тэма. Гэта шмат у чым трагічная тэма. Калі кожны з нас падумае пра сваё жыццё, то многія пагодзяцца, што каханне — галоўная справа жыцця і яно патрабуе намаганняў ўсяго жыцця. У рэшце рэшт, чалавек не народжаны, каб загінуць на даху Чарнобыльскага рэактара або сёння ў Данбасе».

Кажа, што таму апошнія 40 гадоў пісала «энцыклапедыю чырвонай утопіі»: «Усё, што я зразумела пра людзей вакол мяне, пра «чырвонага чалавека», я ўсё напісала».

«Я спадзяюся што гэта дапаможа нам зразумець, што адбываецца ў гэтай велізарнай краіне, чаму, атрымаўшы свабоду, людзі зноў выбралі рабства, чаму рабства — гэта, аказваецца, утульны стан», — працягвае яна.

«Калі скончыла працаваць над гэтымі кнігамі, – кажа Алексіевіч, – задумалася, а вакол яшчэ чаго будуецца чалавечае жыццё. Ёсць толькі дзве такія тэмы: любоў і смерць. Кніга, якую я зараз пішу, — кніга пра каханне, мужчыны і жанчыны распавядаюць свае гісторыі кахання. Калі потым нябёсы дадуць яшчэ час, напішу наступную кнігу пра старасць, смерць, пра тое, навошта было патрэбна ўсё гэта жыццё».

Алексіевіч кажа, што ў Японіі выходзіць яе кніга, будуць мерапрыемствы ў самой Фукусіме і ва ўніверсітэтах.

Шмат цёплых слоў і пытанне ад пецярбуржца, які нарадзіўся ў 1941 годзе: «Ці не падаецца вам, што ў будучыні толькі дакументальная проза будзе валодаць душамі людзей і выпраўляць іх?»

Пісьменніца лічыць, што заўсёды будзе попыт на «чыстае мастацтва» накшталт малюнкаў на сценах пячор у дзікуноў. «Але тое, што сведка становіцца паўнапраўным героем літаратуры, гэта несумненна». Кажа, што чытала цыдулку Талстога, напісаную ім пасля «Вайны і міру», што хутка пісьменніку будзе сорамна выдумляць, трэба будзе рэфлексаваць пра тое, што адбываецца ў жыцці.

«Сёння само жыццё становіцца спектаклем», — дадае яна і прыводзіць прыклад жорсткіх пакаранняў смерцю, якія баевікі ІД ладзяць на камеры для нас як для гледачоў.

«Адзін мой сябар, вядомы рэжысёр, паглядзеўшы гэтыя пакаранні, патэлефанаваў мне і крычаў: «Што нам цяпер рабіць, якія спектаклі цяпер можна ставіць?» Так што само жыццё адкажа на ваша пытанне»…

https://www.youtube.com/watch?v=gX-9wVEEcBQ

Пытанне ад польскага журналіста: «Вы феміністка?»

«Я вельмі добра стаўлюся да фемінізму», — з усмешкай адказвае Алексіевіч.

aleksievich_nobel_press-konferenciya

Пытанне з Брэсцкай вобласці, журналістка з Бярозы: «Што шчасце для вас, і ці шчаслівыя вы?»

Алексіевіч кажа, што яе адправілі пасля журфака працаваць якраз у Бярозу, не пакінулі ў Мінску, таму што лічылі антысавецкай студэнткай. «Памятаю, калі першы раз апынулася на танцах, высветлілася, што мой першы прыхільнік — работнік КДБ. Ён быў такі маленькі, таму я як бы адмовіла яму. Жанчына, у якой я жыла, сказала: «Святлана, ён жа цябе пасадзіць». У зале апладысменты і смех.

«Я шчаслівы чалавек, таму што я ўжо даўно раблю тое, што я хачу рабіць, і так, як я хачу гэта рабіць. І ў мяне шчаслівы характар, чаго я і вам, журналістам, жадаю, — працягвае яна. — Усё гэта смецце жыцця — што сказала ўлада, што сказала суседка — на мяне ніколі не дзейнічала, я жыла ў вычышчаным свеце».

Пытанне ад аўтара фемінісцкага блога пра тое, як Святлана дае рады сваім складаным тэмам.

«Я часта чую гэтае пытанне і ўнутрана з ім не згодна. У мяне памерла сястра, і я доўгі час правяла ў аддзяленні, дзе ляжаць хворыя на рак, і дзеці ў тым ліку. Я бачыла, што пераносяць анколагі», – кажа Алексіевіч. «Пасля гэтага я сабе сказала, што я ніколі не скажу, што мая праца цяжэйшая за іхнюю. А нядаўна я сустракалася ў адным беларускім храме з манашкай, я бачыла, як апантана яна малілася. Я падумала: якая праца, я ніколі не скажу, што мне складаней».

Пытанне ад шведскай журналісткі, ці не бачыць Алексіевіч пагрозы Трэцяй сусветнай вайны.

«Гэта неяк вісіць у паветры. Вось якое зараз галоўнае чытанне ў маіх сяброў, якія захавалі адэкватнае стаўленне да рэальнасці, на ўсёй постсавецкай прасторы? Яны чытаюць ўспаміны пра час перад рэвалюцыяй 1917 года і кнігі пра 1930-ыя гады ў Германіі. Гэта запаўзанне фашызму, цемры ў наша жыццё», — кажа Алексіевіч, дадае, што і сама жыве з гэтым пачуццём.

444

8 кастрычніка Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры – першую ў гісторыі Беларусі.

З 6 па 12 снежня ў шведскай сталіцы праходзіць тыдзень нобелеўскіх урачыстасцяў. Лаўрэаты правядуць прэс-канферэнцыі, возьмуць удзел у дыскусіях і высупяць з нобелеўскімі прамовамі. 10 снежня ў стакгольмскай філармоніі кароль Швецыі Карл XVI Густаў уручыць медалі і дыпломы Нобелеўскай прэміі.

Паводле tut.by  і belsat.eu

Фота: tut.by, belsat.eu, Reuters