Маці расстралянага Паўла Селюна атрымала рэчы свайго сына



Маці расстралянага у красавіку Паўла Селюна атрымала згодна з пастановай Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь рэчы свайго сына. Выдача рэчаў забітага адбывалася ў Гарадзенскім абласным судзе.

Павал Сялюн быў асуджаны больш за год таму. Летась у чэрвені Гарадзенскі абласны суд прызнаў яго вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу: забойства двух асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю; крадзеж; здзек над трупамі; крадзеж асабістых дакументаў.

Свае дзеянні 23-гадовы студэнт гістарычнага факультэта БДУ патлумачыў рэўнасцю – ён застаў ў кватэры сваю жонку і яе палюбоўніка. Павал Сялюн прасіў памілавання ў Лукашэнкі, яго маці пісала лісты Філарэту, аднак Селюна расстралялі. Тамара Сялюн вельмі ўдзячная беларускім праваабаронцам за дапамогу:

– Калі мяне сустрэлі юрысты з Праваабарончагу цэнтру “Вясна”, мы пайшлі ў Вярхоўны суд і паднялі гэтае пытанне, тады яны ўжо заварушыліся. Толькі тады прыслалі даведку: калі адбыўся расстрэл. А так – усё было ціха. Я больш чым упэўненая, што калі б я не паехала ў Менск і не звярнулася б да праваабаронцаў, то ніхто бы мне нічога не даслаў.

[Not a valid template]

Тамара Сялюн упэўнена ў тым, што ёй вярнулі не ўсе рэчы сына, і яна вельмі хоча даведацца месца яго пахавання.

Беларускае Радыё Рацыя