Пратэстоўцы зноў блакуюць дарогу да Баброўнікаў (абноўлена)
Жыхары Грабаўкі і ваколіц, што каля Беластока, аднаўляюць пратэсты. 8 і 9 снежня з 14-й да 16-й гадзіны яны цалкам заблакуюць рух на кальцавой развязцы, якая вядзе ў напрамку памежнага перахода Баброўнікі-Бераставіца.
Яны патрабуюць аддзялення ад гміны Супрасль і стварэння асобнай адміністрацыйнай адзінкі – гміны Грабаўка. Аднак супраць выступілі прадстаўнікі кіруючай партыі „Права і справядлівасць”, у тым ліку віцэ-міністр унутраных спраў Яраслаў Зеліньскі.
Кажа солтыс вёскі Засценкі Павел Каранкевіч:
– Будзем мірна пратэставаць супраць рашэння міністра Зеліньскага, бо гэта міністр Зеліньскі пачаў адмену нашага падзелу. Мы будзем пратэставаць супраць гэтага рашэння.
***
14:00 , 8 снежня
Паведамляе карэспандэнт Радыё Рацыя Лукаш Леанюк:
– Жыхары вёскі Грабаўка, а таксама людзі з вёсак Засцянкі і Сабалева пачалі блакаваць дарогу № 65 у напрамку польска-беларускага пераходу Баброўнікі-Бераставіца. Дарога усё ж будзе блакавацца часткова, бо падляшская паліцыя дамовілася з пратэстоўцамі, што тыя будуць спыняць пратэст на 5 хвілінаў, каб разгрузіць чаргу фураў і легкавых аўтамабіляў, але з 15-й гадзіны дарога будзе забалкавана цалкам. 8 снежня жыхары будуць пратэставаць да 16-й гадзіны і папярэджваюць, што і 9 снежня вернуцца, каб зноў заблакаваць дарогу.
Грабаўка і ваколіцы – гэта найбольш багатыя тэрыторыі ў гміне Супрасль, якія даюць каля 30% бюджэту гміны. Таму жыхары гэтых тэрыторыяў хочуць аддзяліцца. Не выключана, што сёння польскі ўрад заблакуе ўзнікненне новай гміны на Падляшшы.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя