За ўшанаванне памяці паўстанцаў – 40 базавых штрафу (абноўлена)



Штрафам у памеры 40 базавых велічыняў пакарала праваабаронцу, публіцыста Уладзіміра Хільмановіча суддзя свіслацкага раённага суда Жанна Салагубік. Абвінавачанні паводле Адміністрацыйнага кодэксу пра яго ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве Уладзімір Хільмановіч не прызнаў. Ушанаванне магілаў і помнікаў, даводзіў праваабаронца, не з’яўляецца мітынгам і не вымагае дазволаў ад мясцовай улады. Але яго довады былі праігнараваны суддзёй.

Кажа Уладзімір Хільмановіч пасля разгляду адміністрацыйнай справы:

– Выразна была засведчана ў судзе мая невінаватасць. Я давёў, як паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднага заканадаўства, пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, што нічога не парушыў. Таксама я давёў, што выкарыстанне і трыманне ў руках бел-чырвона-белага сцяга не ёсць парушэннем закона. Суддзя фактычна не ўзяла пад увагу ніякія юрыдычныя аргументы, хоць і ўсе паказанні сведак былі на маю карысць, а таксама прагляд відэа і іншыя довады, выкладзеныя мной цягам разгляду адміністрацыйнай справы.   

Ніхто са сведкаў-міліцыянтаў, якія былі на судзе, не давёў, што ўдзельнікі дня ўшанавання паўстанцаў 1863 года арганізавалі мітынг. Уладзімір Хільмановіч даводзіў, што такі спосаб ушанавання беларускімі грамадзянамі сваіх герояў больш падобны на экскурсію. Між іншым, праваабаронца нагадаў суду, што мінулагодняе адміністрацыйнае пакаранне яго за дзень ушанавання паўстанцаў 1863 года цяпер чакае адказу ў Жэневе, у Камітэце па правах чалавека ААН.

Яшчэ два грамадскія актывісты чакаюць падобнага адміністрацыйнага разбіральніцтва: гэта Вітольд Ашурак ды Віталь Гуляк.

* * *

Уладзімір Хільмановіч з Гародні пакараны штрафам за ўдзел у акцыі ўшанавання братоў Каліноўскіх, якая прайшла ў Свіслачы. З раённага цэнтра паведамляе наш карэспандэнт:

–  Штрафам у памеры 40 базавых велічыняў (або 7 мільёнаў 200 тысяч беларускіх рублёў) пакараў гарадзенскага праваабаронцу і публіцыста Уладзіміра Хільмановіча свіслацкі раённы суд. Адміністрацыйную справу разглядала суддзя Жанна Салагубік. На Уладзіміра Хільмановіча быў складзены адміністрацыйны пратакол за ўдзел у незарэгістраваным масавым мерапрыемстве 31 кастрычніка ў Свіслачы з выкарыстаннем белчырвонабелага сцяга. Яго звінавацілі ў тым, што ён, на думку міліцыі, парушыў Адміністрацыйны кодэкс (частка 3, артыкул 23.34). Уладзімір Хільмановіч ніякага парушэння грамадскага парадку не заўважыў, паведаміў, што нічога не зрабіў, што магло б супярэчыць Адміністрацыйнаму кодэксу. Ён таксама пацвердзіў, што быў у Свіслачы, выступаў, хадзіў да помнікаў. Але гэта ён параўноўвае з экскурсіяй. Белчырвонабелы сцяг, які ён падымаў і трымаў, не зяўляецца забароненым. Гарадзенскі праваабаронца нагадаў суду, што леташняе яго пакаранне за ўдзел у падобным мерапрыемстве ушанаванні паўстанцаў 1863 года яшчэ разглядаецца ў Камітэце па правах чалавека ААН.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Зноў суды ў Свіслачы. Справа ранейшая – ўдзел у традыцыйным фэсце па ўшанаванні памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

Сёння раённы суд разгледзіць адміністрацыйную справу супраць гарадзенскага праваабаронцы і публіцыста Уладзіміра Хільмановіча:

– Такіх дэмакратычных акцый ушанавання нацыянальных герояў, акцый, якія праходзяць пад бел-чырвона-белымі сцягамі,  у Беларусі застаецца ўсё менш і менш, таму што карная сістэма знаходзіцца ўвесь час у дзеянні. Відаць, такая логіка нашых уладаў. А іншая логіка – папаўняць мясцовыя бюджэты.

Яшчэ два суды наперадзе. 11-га снежня над актывістам з Бярозаўкі Вітольдам Ашуркам, а 15-га снежня – над ваўкавыскім актывістам Віталём Гулякам. Раней тры чалавекі ўжо былі аштрафаваныя, паводле суда – за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве.

SAMSUNG DIGIMAX A403

Вітольд Ашурак і Уладзімір Хільмановіч

Грамадскі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак атрымаў позву з’явіцца ў Лідскі раённы суд 11 снежня па адміністрацыйнай справе за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

5FDB39FBAE178B2F506421FBAC63F9BB9E662472D006D36E22pimgpsh_fullsize_distr

Па словах актывіста, ён не лічыць, што ўшаноўваючы памяць беларускіх герояў тым самым парушыў грамадскі парадак і гэта толькі чарговы раз даказвае небеларускі характар праваахоўный сістэмы:

– Наадварот – гонар, што я быў разам з годнымі людзьмі, якія ўшаноўвалі памяць герояў Беларусі. Справа ў тым, што Кастуся Каліноўскага і праз 150 гадоў памятаюць, а гэтых памагатых калабарацыяністаў не ўспомняць і праз пяць гадоў. Дробныя людзі – паднявольныя.

Сябра Сойму Партыі БНФ з Бярозаўкі Вітольд Ашурак ужо не першы раз прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у Свіслацкім фэсце. У мінулыя гады актывіста каралі штрафамі, а ў 2012 годзе прысудзілі 3-е сутак адміністрацыйнага арышту.

Беларускае Радыё Рацыя