Януковіч вырашыў вярнуцца ў палітыку
Экс-прэзідэнт Віктар Януковіч спадзяецца вярнуцца ў палітыку.
Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю расейскаму дзяржагенцтву РИА Новости, адказваючы на адпаведнае пытанне.
„Хачу вярнуцца ў палітыку. Я сёння … Тое, што ў маіх сілах, я раблю ўсё”, — сказаў ён.
„Па-першае, шмат дапамагаю людзям, якіх пераследуюць ва Украіне, якія ўжо выехалі, дапусцім, за межы Украіны. І не толькі ў Расею. У Расеі само сабой падтрымліваю з імі сувязь. Чым магу, тым і дапамагаю”, — сказаў Януковіч .
Ён распавёў, што падтрымлівае сувязі з цяперашнімі ўкраінскімі палітыкамі.
„Многія з іх сёння ўжо не так саромеюцца і не так баяцца, як гэта было, умоўна кажучы, год таму. Яны ўжо камфортна сябе адчуваюць, калі мы сустракаемся і абмяркоўваем пытанні”, — сказаў Януковіч.
Мяркуючы па пытанні вядучага, якое было на відэа, апублікаваным агенцтвам, частка інтэрв’ю была прысвечана падзеям да Майдану, пасля Майдану, „пра вельмі катастрафічную сітуацыю, у якой знаходзіцца Украіна”.