Кампанія «Народны рэферэндум» спыніла існаванне
Пра гэта гаворыцца ў заяве «Аб спыненні кампаніі «Народны рэферэндум» і далейшай супольнай працы па папулярызацыі яе пытанняў», падпісанай старшынёй Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам, першым намеснікам старшыні Руху «За Свабоду» Юрасём Губарэвічам і старшынёй БСДП (Грамада) Ірынай Вештард.
«Кампанія «Народны рэферэндум» была ініцыяваная Рухам «За Cвабоду», Партыяй БНФ, грамадзянскай кампаніяй «Гавары праўду» у траўні 2013 года. Пазней, у 2013 годзе, да ініцыятывы далучылася Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), кампанію падтрымлівалі шэраг іншых грамадска-палітычных арганізацыяў Беларусі», — гаворыцца ў заяве.
«У межах ініцыятывы арганізатары наведалі дзясяткі гарадоў, правялі грамадскія слуханні і сустрэчы з чыноўнікамі і дэпутатамі, і, самае галоўнае, былі сабраныя подпісы беларусаў у падтрымку правядзення рэферэндуму як законнага спосабу мірных пераменаў у краіне. З гэтых подпісаў 50 тысяч былі пададзены ў Палату прадстаўнікоў.
«Мы з вялікім жалем канстатуем, што супольна напрацаваны патэнцыял быў неналежным чынам скарыстаны адным з партнёраў дзеля дасягнення ўласных тактычных задачаў, далёкіх ад першапачатковых мэтаў. У выніку быў падарваны як давер грамадства да кампаніі «Народны рэфэрэндум», так і давер паміж арганізацыямі-удзельнікамі НР», — сцвярджаюць аўтары заявы.
Праз гэта пад час прэзідэнцкай кампаніі каардынацыя паміж ініцыятарамі НР была спыненая. Дэ-факта, «Народны рэферэндум» быў разбураны як агульнанацыянальная надпартыйная кампанія, што базавалася на даверы, роўнасці і каардынацыі партнёраў і задумвалася як значна шырэйшая за выбарчыя кампаніі ды праграмы асобных кандыдатаў.
У дадзенай сітуацыі мы канстатуем, што кампанія «Народны рэферэндум» страціла свой патэнцыял і не можа існаваць у ранейшым фармаце. Мы заяўляем аб спыненні супольнай ініцыятывы «Народны рэферэндум» і далейшай супольнай працы па папулярызацыі яе пытанняў.
У той жа час, мы перакананыя, што ідэі «Народнага рэферэндуму» застаюцца актуальнымі для Беларусі і будзем іх адстойваць і надалей, інтэгруючы іх у свае грамадска-палітычныя праграмы рэфармавання Беларусі.