Чаму “прытармазілі” крэдыт для Беларусі?
Палітолаг Валер Карбалевіч распавядае пра тое, чаму прыпынена рашэнне Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця пра тое, каб выдаць Беларусі новы крэдыт.
РР: Некаторыя эксперты кажуць, што крэдыт заблакавала Расея з-за нежадання беларускага боку размяшчаць у краіне расейскую авіябазу. Таксама лічыце, што гэта так?
Валер Карбалевіч: Палітычны чыннік у эканамічным пытанні, безумоўна, прысутнічае. Таму што пазіцыя кіраўніцтва Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця цягам гэтага года змянялася некалькі гадоў. То абяцалі даць крэдыт, то наадварот. Фонд, як кажуць, вагаўся разам з генеральнай лініяй – з пазіцыяй Крамля. І вось фонд чарговы раз змяніў сваё меркаванне па крэдыце, хоць рашэнне пакуль не канчатковае. Масква чакае ад Менска саступак.
РР: Галоўнае пытанне – размяшчэнне ў Беларусі расейскай авіябазы?
Валер Карбалевіч: Мяркую, што так. А на другім месцы – Крэмль хацеў бы больш адкрытай падтрымкі Беларусі ў цяперашнім канфлікце Масквы з Турцыяй. Беларускія ўлады знаялі нейтральную пазіцыю, і сёння Расея ў ізаляцыі. Няма саюзнікаў, ніхто не падтрымлівае. Натуральна, у такой сітуацыі для Пуціна важны голас нават Беларусі.
РР: Чаму для Крамля такое прынцыповае пытанне па авіябазе?
Валер Карбалевіч: Таму што Расея даўно ішла гэтым шляхам і ўжо былі заявы з гэтай нагоды ад высокіх дзяржаўных асобаў. Маўляў, ужо ёсць і дакумент, які зараз знаходзіцца на ўзгадненні ў Пуціна. Расейскі бок так далёка зайшоў у гэтым пытанні, у спробе ціску на Беларусь, што цяпер яму цяжка аддаваць пазіцыі.
РР: Ці дацісне Крэмль беларускае кіраўніцтва?
Валер Карбалевіч: Цяжка рабіць нейкія прагнозы, бо насуперак Крамлю беларускі бок таксама заняў цвёрдую пазіцыю. Было заяўлена адназначна – авіябазы нам не патрэбныя. І як цяпер адкручваць сітуацыю назад і паведамляць народу, што база ўсё-такі з’явіцца? Абодва бакі зайшлі далёка ў сваёй прынцыповасці, таму нельга прадказаць, да чаго прывядзе іх упартасць. І хто здасца першым.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя