Афіцыйны Менск: Беларусь не дае раскалоцца Еўропе



“Беларусь не дае раскалоцца Еўропе” – такую заяву зрабіў дырэктар Беларускага цэнтра праблем еўрапейскай інтэграцыі Юрый Шаўцоў, адзначыўшы ролю афіцыйнага Менска ва ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

341091ec456c305e99fd63db87480

Пра гэта ён сказаў у час трохбаковай нідэрландска-польска-беларускай канферэнцыі ў Варшаве. Юры Шаўцоў прыгразіў еўрапейскім палітыкам паглыбленнем крызісу ва Украіне і новымі гарачымі кропкамі ў рэгіёне:

– Калі Беларусь будзе ў нейкай форме ўцягнутая ва ўкраінскі крызіс у любой форме – ці праз Расею, ці праз Украіну, – то адбудзецца аб’яднанне, так бы мовіць, сённяшніх антырасейскіх балтыйскіх краін і Украіны. І тады паміж двума морамі ўзнікне не мяжа, якая была ў час «халоднай» вайны, а паласа крывавых войнаў.

Юры Шайцоў падчас сваёй прамовы відавочна рабіў націск менавіта на ўкраінскую тэматыку:

– Адзін з еўрапарламентарыяў назваў тых дыпламатаў, якія былі вінаватыя: яны занадта абнадзеілі ўкраінцаў перспектывай сяброўства ў Еўразвязе. Каб не было гэтага, то, можа, і не дайшло б да такой крывавай сітуацыі, якая адбылася зараз ва Украіне.

Дырэктар Беларускага цэнтра праблем еўрапейскай інтэграцыі таксама ўказаў і на шматлікія стратэгічныя правалы палітыкі Еўразвязу, у тым ліку звязаныя з неналежнай увагай да міжнароднага тэрарызму, а таксама пагрозай новай халоднай вайны з Расеяй.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота eadaily.com