Мечыслаў Грыб: Правесці рэферэндум не было ніякіх шанцаў



“Правесці „Народны рэферэндум” – менавіта гэтую мэту ў самым пачатку стварэння паставілі ўдзельнікі аднайменнай кааліцыі, але яе выканаць было практычна немагчыма”, – такое меркаванне выказаў кіраўнік спраў БСДП (Грамада) Мечыслаў Грыб, каментуючы распад “Народнага рэферэндума”.

– Правесці рэферэндум у Беларусі па ініцыятыве грамадзян немагчыма, там столькі розных абмежаванняў, у любы час, у любы момант яны гэтую ініцыятыву могуць перакрыць. І ніхто не збіраўся і не думаў праводзіць гэты рэферэндум, таму што ведалі, што правесці яго такім шляхам немагчыма. Але збор подпісаў неяк абуджаў людзей, рабіў больш вострай палітычную сітуацыю падчас выбараў. Магчыма гэта трэба было рабіць.

Напярэдадні старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і старшыня БСДП (Грамада) Ірына Вештард выступілі з сумеснай заявай, у якой абвясцілі, што „кааліцыя «Народны рэферэндум» страціла свой патэнцыял і не можа існаваць у ранейшым фармаце”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя