У Кіеве затрымана прарасейская дыверсійная група
Украінскія спецслужбы абясшкодзілі ў Кіеве прарасейскую дыверсійную групу. Пра гэта афіцыйна паведамілі з прэсовага цэнтра СБУ.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Паводле заявы Службы Бяспекі Украіны, затрыманне расейскіх дыверсантаў адбылося ў шматпавярховым доме ў Абалонскім раёне Кіева. Штурм кватэры суправаджаўся стралянінай, падчас якой двое ўкраінскіх спецназаўцаў былі параненыя. У памяшканні, дзе хаваліся дыверсанты з Расейскай Федэрацыі, знаходзіліся таксама гаспадар кватэры і яго сямігадовае дзіця. Падчас страляніны ўкраінскія спецназаўцы эвакуявалі параненых калегаў і цывільных. Адзін з расейскіх дыверсантаў быў забіты. У выніку ў палон да СБУ патрапіла рэшта дыверсійнай групы – двое грамадзянаў Расейскай Федэрацыі і трое грамадзянаў Украіны.
Падчас ператрусу кватэры ў ёй было знойдзена стралковая зброя, чатыры кілаграмы выбухоўкі, больш за сорак гранат і каля дзвюх тысяч набояў.
Згодна з заявай СБУ, прарасейская дыверсійная група дзейнчала не толькі ў Кіеве, але і ў іншых украінскіх гарадах.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ipress.ua