Беларусь як паранармальная з’ява



Не тыя краіны даследуюць уфолагі. Беларусь– вось сапраўдны эпіцэнтр паранармальных з’яваў.

Уфолагі ўсяго свету – то бок тыя, хто верыць і даследуе розныя НЛА ды паранармальныя з’явы – адзначылі сваё прафесійнае свята. Маўляў, прыкладна ў гэтыя дні, амаль 70 гадоў таму, дзесьці ў ЗША ўпаў дзіўны аб’ект, які многія дагэтуль лічаць лятаючай талеркай з іншапланетнікамі. Аднак мне падаецца, што іншапланетнікі ўпалі не толькі на тэрыторыю ЗША, але і на тэрыторыю Сінявокай. Ды не проста ўпалі, але захапілі яе. Ну дзе вы яшчэ знойдзеце столькі суб’ектаў ды аб’ектаў для парапсіхолагаў.

Ну вось, паразважайце самі. Беларусь святкуе Дзень Незалежнасці ў той дзень, калі гэтую незалежнасць яшчэ і не атрымала. Мала таго, святкуе ў дзень смутку, калі трэба ўзгадаць пра вялізную колькасць чалавечых ахвяраў, якія загінулі пры вызваленні Менска 70 гадоў таму. А нашыя людзі замест таго, каб смуткаваць, танчаць ды глядзяць салюты.

У якой яшчэ краіне ўлады вырашаюць, якую ніжнюю бялізну насіць жанчынам. Як вядома, менавіта з ліпеня ў Сінявокай забароненыя карункавыя трусы. Дзе яшчэ абараняюць інтарэсы грамадзянаў чужой краіны, а не сваёй. Вось, напрыклад, забаранілі ўвоз украінскай бульбы ў Беларусь, паколькі пра гэта папрасілі расейцы. Заўважце, не беларусы, а менавіта расейцы.

Не, розумы нашых уладаў дакладна скралі іншапланетнікі. Так што ўфолагі не тыя краіны даследуюць. А ў нас трэба даўно міжнародны дзень уфолагаў святкаваць на дзяржаўным узроўні.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя

Беларускае Радыё РАЦЫЯ