Рэферэндум у Арменіі: хто ў выйгрышы?



У мінулую нядзелю ў Арменіі адбыўся рэферэндум па змене Канстытуцыі. Краіна  пераўтворыцца ў парламенцкую рэспубліку, а пасада прэзідэнта стане больш сімвалічнай.

2015-12-11_Zavalnia_Ross_Armenia_malunak

Паводле дадзеных ЦВК Арменіі, за гэтыя змены прагаласавала 63,35%, яўка на рэферэндуме склала трошкі больш за 50% (50,51%)

Пра тое, навошта спатрэбілася такая кардынальная рэформа, і як выглядаюць настроі армянскага грамадства на тле абвастрэння расейска-турэцкіх адносінаў, Беларускае Радыё Рацыя пагутарыла з доктарам Віктарам Росам, Амбасадарам Польшчы ў Ерэване ў 2003-2004 гг.

РР: Частка апазіцыі раскрытыкавала гэты рэферэндум, гаворачы, што змены служаць для працягвання кіравання дзейнага прэзідэнта, які не зможа балатавацца на гэтую пасаду трэці раз, але будзе мець магчымасць стаць прэм’ерам з шырокімі паўнамоцтвамі. Ці гэта была галоўнай мэтай рэферэндума?

Віктар Рос: Напэўна, палітычна гэта можна ацаніць менавіта такім чынам. Мы ведаем такія прыклады, аналагічная сітуацыя мела месца ў Грузіі, калі прэзідэнт Саакашвілі вырашыў захаваць уладу, якую ўжо немагчыма было працягваць, трэці тэрмін яго прэзідэнцтва, і ён вырашыў пераўтварыць дзяржаву такім чынам, каб захаваць уладу ў якасці лідара кіроўнай партыі. Але так атрымалася, што ён прайграў гэтыя выбары, і яму прыйшлося развітацца з уладай. Тут сітуацыя больш спрыяльная для Сержа Саргсяна. Як старшыня Рэспубліканскай партыі Арменіі ён разлічвае на тое, што яны безумоўна перамогуць на бліжэйшых выбарах, якія адбудуцца ў 2017 годзе. Да гэтага яшчэ шмат засталося часу, і вядома, многае можа здарыцца. Ва ўсялякім разе, ён разлічвае на тое, што як лідар кіроўнай партыі стане прэм’ерам,  і таму спакойна можна змяніць Канстытуцыю на такі лад, каб прэзідэнт краіны стаўся “ангельскай каралевай” без вялікіх паўнамоцтваў, а ён будзе рэальна кіраваць без нейкіх часовых абмежаванняў. Вядома, гэта выклікае вялікі супраціў у грамадстве. Так атрымалася, што яму ўдалося зламаць апазіцыю з боку галоўнага апанента – “Квітнеючай Арменіі” і яе лідара Гагіка Царукяна, аднаго з найбольш знаных армянскіх алігархаў, які напачатку абяцаў велізарныя мітынгі, велізарны супраціў, але аказалася, што пагрозы, скіраваныя ў яго адрас Сержам Саргсянам прывялі да таго, што “Квітнеючая Арменія” з вялікімі стратамі ўсё ж такі падтрымала курс Саргсяна і прагаласавала за гэты рэферэндум. У апазіцыі засталіся партыі, якія цяпер рэанімуюцца, набіраюць сілу. Раней здавалася, што яны наогул сыходзяць з палітычнай арэны. Гэта Рафі Аванісян – партыя “Спадчына” і  Армянскі нацыянальны кангрэс на чале з першым прэзідэнтам Арменіі Лявонам Тэр-Петрасянам. На баку Саргсяна і Рэспубліканскай партыі прагаласаваў таксама “Дашнакцуцюн”, які заўсёды быў праціўнікам існуючай сістэмы, і хацеў пераходу да парламенцкай формы кіравання.

Ёсць пэўны патэнцыял дэмакратычнасці і ў такой форме ўлады, мы бачым, што прэзідэнцкая форма кіравання ў большасці краінаў СНД вядзе да акасцянення палітычнай сістэмы і не дае магчымасцяў іншым партыям. Тут змены такія, што прэзідэнт губляе свае канстытуцыйныя паўнамоцтвы, і ўлада ідзе ў бок таго, што было ва Украіне, дзе інстытут прэзідэнцтва быў аслаблены і большую ролю гралі партыі і прэм’ер-міністры.

РР: То бок, тут ёсць пазітыўны момант, бо змены абмяжоўваюць канцэнтрацыю ўлады ў руках аднаго чалавека?

Віктар Рос: Менавіта так. Такім чынам, магчыма, плюралістычныя магчымасці праявяцца ў большай ступені. Армянскае грамадства дастаткова актыўнае. Нельга сказаць, што яно падтрымлівае толькі адну сілу, і што там няма магчымасці для нейкіх варыянтаў. Таму, можна лічыць, што дынаміка, якая цяпер разгарнулася вакол гэтага пытання, дазволіць партыям і іх лідарам збіраць большую сілу, якая можа праявіцца падчас парламенцкіх выбараў.

РР: Адбылося абвастрэнне расейска-турэцкіх адносінаў. Арменія заўсёды шукала ў Расеі хаўрусніка, бо напрацягу гісторыі мела канфлікты з Турцыяй. Ці назіраецца ў армянскім грамадстве распал прарасейскіх настрояў цяпер?

Віктар Рос: Безумоўна так. Генацыд армянаў 1915 года, 100-годдзе якога адзначалася сёлета, авалодвае пачуццямі ўсяго армянскага народу, у гэтым плане ён адзіны. Незалежна ад таго, якія канфлікты між рознымі партыямі, яны ўсе з’яўляюцца антытурэцкімі. Тут і пытанне з Азербайджанам, які падтрымліваецца Турцыяй, і з якім існуе толькі рэжым спынення агню, нават вайна няскончана. Таму, калі Турцыя ўзмацняе сваю ваенную прысутнасць у рэгіёне, калі яна ўгаворвае краіны НАТО распачаць наземную аперацыю ў Сірыі, зразумела, што турэцкія войскі будуць прыведзены ў поўнае дзеянне, вядома, гэта пагроза для Арменіі. Наогул, мяжу Арменіі з Турцыяй ахоўваюць расейскія войскі. Зразумела, што ў такой сітуацыі Арменія больш схільная пайсці пад крыло Расеі і разлічваць толькі на яе дапамогу.

Таксама ідзе ідэялагічная раскрутка. Расея вядзе вельмі моцную антытурэцкую прапаганду. Гэта адпавядае меркаванню большасці армянаў,    і, вядома, стварае антытурэцкія і прарасейскія настроі.

РР: А ці ёсць шанец, што армянскія эліты пачнуць арыентавацца больш на Захад? Там жа ж ёсць дастаткова вялікая дыяспара, напрыклад у Францыі, быць можа гэта дапаможа сітуацыі?

Віктар Рос:  Дыяспара мае сваё значэнне, але геапалітычнае становішча Арменіі такое, што яна можа разлічваць у асноўным на дапамогу Расеі. Што праўда, у Арменіі ёсць сілы, пэўныя колы палітолагаў, экспертаў, якія гавораць, што ўключэнне Арменіі ў Еўразійскую эканамічную супольнасць ніяк не ўзмацніла бяспеку Арменіі, аднабаковая залежнасць толькі ад Расеі ставіць Арменію ў двухсэнсоўнае становішча. Расея зацікаўлена таксама ў тым, каб падтрымліваць Азербайджан, яна не хоча губляць балансу, і таму пытанне Нагорнага Карабаху не вырашаецца ўжо 20 гадоў. Мне здаецца, што ўсё ж такі гэтая пазіцыя можа быць памылковая, і калі б у армянскіх кіраўнікоў перамагла дальнабачнасць, то яны б абавязкова менавіта цяпер звярнуцца да Захаду, да НАТО, да Еўразвяза. І яны не спыняюць гэтага дыялога, гэты дыялог працягваецца.  Але калі глядзець на гэта глабальна, то мне падаецца, што гэта маларэалістычная перспектыва – Захад цяпер нашмат больш залежыць ад паводзінаў Турцыі, чым ад таго, як будзе складвацца сітуацыя ў маленькай дзяржаве, якой з’яўляецца Арменія.

РР: Вы самі кажаце, што Расея стараецца падтрымліваць і Арменію, і Азербайджан, утрымліваць г.зв. “кантралюемы канфлікт” між імі. То бок, Расея таксама не з’яўляецца надзейным хаўруснікам для Арменіі, у перспектыве?

Віктар Рос:  Для Расеі важна захаваць сваю прысутнасць і значэнне ў Паўднёвым Каўказе. Пасля перакосу гэтых адносінаў з Грузіяй, якое было у часы Саакашвілі, ім удалося ў пэўнай меры стабілізаваць гэтую сітуацыю. Я думаю, што цяпер шмат будзе залежыць ад паводзінаў Азербайджана ў сувязі з абвастрэннем расейска-турэцкіх адносінаў. Калі Азербайджан яўна акажацца на баку Турцыі ў гэтым дыялогу. Вось цяпер мы чуем, што вельмі моцна выказаўся прэзідэнт Узбекістана Карымаў пра атакі расейцаў на Сірыю, і што пагроза прымянення ядзернай збоі, якая прагучала, вельмі яго занепакоіла і абурыла. Таму ісламскія дзяржавы, з пераважна мусульманскім насельніцтвам цяпер могуць збліжацца між сабою і ў пэўнай ступені аддаляцца ад Расеі і ісці ў бок заходняй кааліцыі. Тут ёсць палітычны сэнс.

Але мне падаецца, што Арменія, як маленькая хрысціянская дзяржава з трывалымі сувязямі з Расеяй, якія мацнейшыя, чым уплыў заходняй армянскай дыяспары, пры тым распале антытурэцкіх жарсцяў у Арменіі, думаю, перавагу аддасць расейскаму боку.   

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя