Гарадзенцам нагадалі пра Дэкларацыю правоў чалавека
Раздачай тэкстаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека жыхарам Гародні адзначылі мясцовыя праваабаронцы дату, калі гэты міжнародны дакумент быў прыняты.
Праваабаронцы адзначылі, што жыццё чалавека ў Беларусі надалей не з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю. Нагадаем, што меньш за месяц таму Гарадзенскі абласны суд абвясціў чарговы смяротны вырак. Таму ў Беларусі напамін пра Дэкларацыю правоў чалавека мае непасрэднае значэнне, мяркуе сябра Праваабарончага цэнтра „Вясна” Віктар Сазонаў:
– Чарговы раз нагадалі жыхарам горада пра тое, што ёсць Дэкларацыя правоў чалавека, ёсць дэмакратычныя нормы, да якіх мы мусім імкнуцца. Праваабаронцы трох арганізацый – Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Беларускага Хельсінкскага камітэта і Камітэта падтрымкі рэпрэсаваных “Салідарнасць” вырашылі падаць заяву пракурору вобласці, што на Гарадзеншчыне здзяйсняецца ціск на прадстаўнікоў грамадска-палітычных арганізацый.
Да заявы праваабаронцы прыкладуць рэальныя факты такога ціску за апошнія тры гады.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня