Пуцін запрасіў Лукашэнку ў Маскву (абноўлена)



14-15 снежня Аляксандр Лукашэнка па запрашэнні расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна наведае Расею з афіцыйным візітам.

Як паведамляе афіцыйны сайт Крамля, „15 снежня адбудуцца перамовы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па шырокім спектры актуальных пытанняў расейска-беларускіх адносін і міжнароднага парадку дня”.

„Асаблівую ўвагу мяркуецца надаць далейшаму паглыбленню эканамічнай інтэграцыі на еўразійскай прасторы і мерам па нарошчванні гандлёва-інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў межах Саюзнай дзяржавы”, – сказана ў паведамленні.

Нагадаем, афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Расею планаваўся на 25-26 лістапада. У Маскве 26 лістапада павінна была адбыцца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным у вузкім складзе, затым – перамовы ў пашыраным фармаце. Па выніках сустрэчы анансавалася падпісанне міжнародных дакументаў. Лукашэнка таксама планаваў сустрэцца з прэм’ер-міністрам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым, старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Валянцінай Мацвіенкай і старшынёй Дзярждумы Сяргеем Нарышкіным.

Аднак 24 лістапада было абвешчана, што візіт перанесены, як заявіў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, „у сувязі з загружанасцю рабочых графікаў прэзідэнтаў Беларусі і Расеі”.

Лукашэнка планаваў па традыцыі здзейсніць свой першы візіт пасля пераабрання кіраўніком дзяржавы ў Расею, аднак 8 снежня адправіўся з візітам у В’етнам, а 10 снежня – у Туркменістан, дзе знаходзіцца цяпер.

belapan.by