Беларусь стала галоўным імпарцёрам украінскай садавіны



Сёлета Беларусь стала галоўным імпарцёрам украінскай садавіны. Паводле дадзеных украінскай фіскальнай службы, беларускія фірмы закупілі 99,63% украінскай прадукцыі на суму амаль у 554 тысячы даляраў.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Галоўныя артыкулы ўкраінскага садавіннага экспарту ў Беларусь – яблыкі, слівы і грушы, а таксама сезонныя абрыкосы, персікі, кавуны і дыні. Калі экспарт у Беларусь тых жа персікаў і дыняў можна абгрунтаваць, то ўвоз у вялікіх таварных колькасцях яблыкаў, сліваў і вішняў эканамічна немэтазгодны: гэтыя садовыя культуры характэрныя для нашай краіны.

Аналітыкі так тлумачаць шалёнае павялічэнне экспарту ўкраінскай садавіны ў Беларусь: прадукцыя ўкраінскіх аграрыяў забароненая для рэалізацыі ў Расейскай Федэрацыі, і, верагодна, беларускія фірмы-пасярэднікі проста перапрадаюць яе ў Расею па падробных сертыфікатах пад выглядам беларускай.

У Расейскай службе сельгасгаспадарчага нагляду ўжо заявілі пра 445 партый нелегальнай садавіны і гародніны, якая правозілася з Беларусі ў Расею толькі цягам 2015 года.

Тым часам танныя садавіна з Турэччыны, якая таксама патрапіла пад расейскія санкцыі, ужо паступае на ўкраінскі рынак. Не выключаецца, што неўзабаве ў Расеі з’явяцца фінікі, лімоны і мандарыны беларускай вытворчасці.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя