„Белсату” – 8 гадоў!



Незалежнаму беларускаму тэлеканалу „Белсат” споўнілася 8 гадоў. У Варшаве ўрачыста адзначылі гадавіну. Супрацоўнікі рэдакцыі ўзгадалі, як мінуў чарговы год для тэлеканала.

[youtube id=”-pIlK64KO4Q”]

Кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм „Белсата” Аляксей Дзікавіцкі зазначыў, што сёлетняй асаблівасцю сталі перадвыбарчыя дэбаты і трансляцыя ўручэння Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч:

– Станаўленне такога вялікага праекта, як „Белсат”, нельга сказаць, што нешта радыкальна мяняецца цягам аднаго года, проста мы становімся больш прафесійнымі і зараз самі гэта бачым. Мы мелі выбары сёлета, мы мелі трансляцыю Нобелаўскай прэміі, мы таксама мелі перадвыбарчыя дэбаты ўпершыню зробленыя нашым каналам на такім узроўні. Мы асвойваем новыя тэлевізійныя формы, а цяпер мне падаецца, што мы на такім узроўні, што можам рабіць самыя вялікія і маштабныя тэлевізійныя формы. 

Рэдактар праграмнага сакратарыята „Белсата” Сяргей Пеляса дадаў, што тэлеканал ужо дасягнуў максімальнай аўдыторыі праз спадарожнікі і цяпер будзе акцэнтаваць увагу на развіцці інтэрнэт-старонкі:

– Мы ведаем дакладна, што тычыцца спадарожнікавага тэлебачання, то тут мы дасягнулі таго, што магчыма. Больш мы не можам нічога асабліва дасягуць, а будучыню, перспектыву развіцця мы хутчэй бачым у інтэрнэце. Плануецца з’яўленне новага сайта, побач са спадарожнікавым тэлебачаннем будзе развівацца вось гэты элемент інтэрнэта.

Таксама Сяргей Пеляса зазначыў, што кіраўніцтва „Белсата” асаблівую ўвагу надасць актыўнай прысутнасці ў сацыяльных сетках.

З гэтай нагоды адбыўся канцэрт вядомых беларускіх музыкаў. Сярод тых, хто ствараў свята, быў Лявон Вольскі, вядучы гістарычна-папулярнай праграмы на „Назад у будучыню”:

– Я рабіў такую гістарычную праграму ў досыць іранічна-сатырычным тоне, і для мяне гэта была нават не праца, а такое прыемнае марнаванне часу, хаця даводзілася безумоўна падымаць шмат рознай гістарычнай літаратуры. Для мяне “Белсат”, незалежны цяжка сказаць, але прынамсі абсалютна беларускі паводле напаўняльнасці матэрыялаў канал. Заўсёды зычу ўсім і журналістам і людзям нічога не баяцца, не баяцца вострых тэмаў ніякіх, быць прыгожымі. Журналісты тэлевізійныя мусяць быць, прынамсі да пояса, вельмі прыгожыя.    

Бас-гітарыст „Трубяцкога” і „Крамбамбулі” Алесь-Францішак Мышкевіч, які таксама граў на ўрачыстым канцэрце пажадаў, каб уся беларуская журналістыка была незалежнай, а „Белсат” стаў найбольш аглядальным беларускім каналам:

– Мне б хацелася пажадаць, каб увогуле беларуская журналістыка заўсёды заставалася незалежнай – гэта можа быць усялякая крытыка, гэта могуць быць цікавыя перадачы, гэта можа быць публіцыцыстыка, галоўнае, каб яна была незалежнай і вольнай. Канешне хочацца пажадаць, каб гэта быў адзін з першых каналаў у Беларусі, які б глядзелі.   

„Белсат” – адзіны тэлеканал у свеце, які цалкам вяшчае па-беларуску.

[Not a valid template]

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя