Мікалай Статкевіч: Эканамічны калгас блізкі да краху



Былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты правёў шэраг сустрэч у Берліне з нямецкімі і еўрапейскімі палітыкамі. Мікалай Статкевіч прымае ўдзел у з’ездзе Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны, які праходзіць у гэтыя дні ў Берліне.

Палітык ужо правёў шэраг сустрэч – з прэзідэнтам Еўрапарламента Марцінам Шульцам, дэпутатамі і кіраўнікамі сацыял-дэмакратычнай фракцыі ў Еўрапарламенце, дэпутатамі Бундэстага. Адбылася размова і з пераабраным старшынём партыі Зігмар Габрыэль.

Далёка не ўсе еўрапейцы з’яўляюцца прыхільнікамі real politik. Большасць з тых, з кімі размаўляў, выступаюць за правядзенне палітыкі, заснаванай на каштоўнасцях, сказаў Статкевіч.

Яго суразмоўцаў цікавіла сітуацыя ў Беларусі і магчымасці, якія цяпер адкрываюцца. Некаторыя з іх, у тым ліку дэпутаты Бундэстагу, збіраюцца прыехаць у Менск у бліжэйшы час.

Статкевіч тлумачыў, што сітуацыя змянілася толькі ў адным: беларускі эканамічны калгас блізкі да краху і патрабуе, каб яго фінансавалі не толькі з Масквы, але і з Бруселя.

На думку Статкевіча, Еўрапейскі звяз павінен патрабаваць змены выбарчага заканадаўства як умовы нармалізацыі адносінаў. Калі гэтага не адбудзецца, то трэба дамагацца змены сітуацыі з дапамогай вулічных акцый і арганізацыі Плошчы пасля іх правядзення, кажа Мікалай Статкевіч.