Фігурантам “справы графіцістаў” прад’яўлены канчатковыя абвінавачванні
Фігурантаў крымінальнай справы аб патрыятычных графіці Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага, Яраслава Ульяненкава і Вячаслава Касінерава па чарзе выклікалі на допыты ва ўпраўленне Следчага камітэта па гораду Менску для „азнаямлення з вынікамі экспертызы і прад’яўлення канчатковага абвінавачвання”.
9 снежня Максіму Пякарскаму пад час двухгадзіннага допыту паведамілі, што па крымінальнай справе, заведзенай на юнакоў-графіцістаў, абвінавачванне было перакваліфікаванае з артыкула 339 (частка 2) Крымінальнага кодэксу – “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў” на артыкул 341 КК «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці». Гэты артыкул прадугледжвае штраф, грамадскія працы або арышт тэрмінам да 3 месяцаў. Апроч гэтага, з яго знятае абвінавачванне за псаванне бігборда, але пакінутыя два эпізоды з нанясеннем графіці. Максім Пякарскі распавёў, што экспертыза графіці засведчыла, што прыкметаў экстрэмізму на малюнках не выяўлена.
З яшчэ аднага фігуранта справы Яраслава Ульяненкава знялі ўсе ранейшыя абвінавачванні. Днямі ён атрымаў Апавяшчэнне аб спыненні крымінальнага пераследу.
10 снежня па тэлефоне на допыт быў выкліканы Вадзім Жаромскі. Ён паведаміў праваабаронцам, што яму пакінулі абвінавачванне па ч. 2 артыкула 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асоб) і дадалі артыкул 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Жаромскаму пакінулі ўсе тры эпізоды справы, а менавіта:
нанясенне графіці з надпісам “Беларусь мае быць беларускай”, а таксама выявай арнамэнту, перакрэсленымі сярпом з молатам, свастыкай, іншымі сімваламі і выявамі;
нанясенне графіці на былой вайсковай часці з надпісам “Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…”, з выявай сілуэта чалавека, які кідае бутэльку з запальваючай сумессю;
псаванне фарбай сацыяльнага банэра з выявай супрацоўнікаў міліцыі па вул. Гарэцкага ў г. Менску, што пацягнула матэрыяльную шкоду ІП на суму 2 млн. 200 тысячаў беларускіх рублёў.
Па справе Вячаслава Касінерава, якога дапытвалі 11 снежня, следчыя знялі эпізод з нанясеннем графіці, але пакінулі псаванне бігборда, матэрыяльную шкоду за які хлопцы цалкам кампенсавалі. Канчатковае абвінавачванне прад’яўлена па арт. 339, частка 2 Крымінальнага кодэкса РБ.
Усім тром мерай стрымання абраная падпіска аб нявыездзе.
Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў (арыштаваныя былі трое, двух адпусцілі) былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларуска-моўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…», а таксама запэцкаванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі. Праваабарончы цэнтр “Вясна” 17 жніўня прыняў заяву, у якой заклікаў спыніцькрымінальны пераслед юнакоў і кваліфікаваў затрыманых па „справе графіцістаў” пры ўмове іх асуджэння па артыкуле 339 Крымінальнага кодэксу, як новых палітычных зняволеных.
20 жніўня графіцістам прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў” за нанясеннебеларускамоўных графіці і запэцкванне бігборду. Юнакам па гэтым артыкуле пагражала абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў.
Неўзабаве Пякарскаму і Жаромскаму ўтрыманне пад вартай было замененае на падпіску аб нявыездзе, аднак крымінальную справу супраць іх не закрылі.