Ці зарэгіструюць БХД?



Сустаршыня па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі прагназуе, ці зарэгіструюць іх структуру з шостай спробы.

1FA70A66-CB90-47F4-89A1-78A46F0043AE_mw800

Як вядома, у мінулыя выхадныя прайшоў чарговы ўстаноўчы з’езд па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Галоўнае пытанне, якое застаецца адкрытым: “Ці зарэгіструюць?” Папярэднія пяць спробаў былі няўдалымі.

Віталь Рымашэўскі: Мы падаем на рэгістрацыю і партыю, і асобна рух, які ўзначальвае Вольга Кавалькова. А праз некалькі тыдняў будуць падаваць дакументы на рэгістрацыю “Маладыя хрысціянскія дэмакраты”. Усё гэта зроблена дзеля таго, каб пратэставаць беларускія ўлады на тое, ці гатовы яны да рэальных зменаў. Тыя чатыры месяца, што Еўропа дала беларускім уладам – і ёсць тэставанне. Будуць адсочвацца любыя змены і не хацелася б, каб еўрапейцы безпадстаўна супрацоўнічалі з рэжымам, калі апошні не хоча змяняцца.

РР: Якімі, на ваш погляд, будуць вынікі тэставання?

Віталь Рымашэўскі: На сёння шанцы зарэгістравацца для нашай партыі самыя вялікія за ўсе гады існавання. Але ў цэлым, сумняюся, што ўлада пойдзе на рэгістрацыю БХД, бо яны ж хочуць і грошы атрымаць, і прызнанне Еўропы, але пры гэтым самім нічога не рабіць. Таму сітуацыя неадназначная. З аднаго боку зараз найбольш спрыяльныя ўмовы, каб зарэгістравацца, а з іншага – верагоднасць легалізавацца застаецца вельмі малая.

РР: БХД за час існавання прызвычаілася працаваць і без рэгістрацыі. Што яна дасць?

Віталь Рымашэўскі: Галоўнае – магчымасць легальна працаваць, афіцыйна здымаць памяшканне і запрашаць у партыю сябраў. Таксама з’явіцца магчымасць афіцыйна адсочваць выбарчы працэс, бо да гэтага складана было нешта зрабіць. А ўвогуле, без свабоды рэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, без вольных СМІ, казаць пра нейкую лібералізацыю ў Беларусі не выпадае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя