У трох абласцях Беларусі масавыя выпадкі адключэння электраэнергіі



З-за абрыву ліній электраперадачы ў Берасцейскай, Гародзенскай і Менскай абласцях 13 і 14 снежня без святла засталіся больш за 130 населеных пунктаў. На раніцу панядзелка абясточанымі застаюцца 36 вёсак і гарадоў.

У Менскай вобласці зарэгістраваны адключэння электразабеспячэння ў Лагойскім, Салігорскім, Слуцкім, Любанскім раёнах і Барысаве. Абясточанымі апынуліся 46 населеных пунктаў і жыхары пяці вуліц у Барысаве, 140 трансфарматарных падстанцый, 12 ферм. Па стане на 6.00 14 снежня няма электрычнасці ў 17 населеных пунктах — 214 жылых дамах, 385 жыхароў, у Салігорскім, Слуцкім і Любанскім раёнах, паведамляе tut.by.

У Берасцейскай вобласці паведамленне аб аварыйным адключэнні электразабеспячэння ў 53 населеных пунктах Баранавіцкага раёна паступіла ноччу ў панядзелак. З-за наліпання мокрага снегу адбыліся абрывы лініі электраперадачы. У выніку адключэння электразабеспячэння абясточана 210 трансфарматарных падстанцый, 1624 дамы прыватнай жылой забудовы і 18 ферм. Па стане на 07.00 абясточанымі застаюцца 647 дамоў і 6 ферм у 29 населеных пунктах.

Адключэнне электраэнергіі ў ноч з 13 на 14 снежня было зафіксавана і ў Дзятлаўскім, Мастоўскім, Слонімскім раёнах Гародзенскай вобласці. Без электразабеспячэння заставаліся 33 населеных пункта і 4 фермы. Службы змаглі аператыўна аднавіць падачу электраэнергіі ў поўным аб’ёме.