Рэцыдыў «ваеннага становішча»



У мінулыя выходныя палякі адзначылі 34-ую гадавіну ўвядзення ў Польшчы ваеннага становішча. Галоўным мерапрыемствам быў “Марш Свабоды і Салідарнасці”. Арганізаваная кіруючай партыяй “Права і Справядлівасць” дэманстрацыя нагадала пра гадавіну ўвядзення ваеннага становішча і была выявай падтрымкі для ўрада і прэзідэнта.

Я добра памятаю марозны ранак 13 снежня 81-га года. Памятаю каменданцкую гадзіну, праслухоўванне тэлефонаў, пустыя паліцы крамаў. З прычыны свайго сану я не мог належаць да “Салідарнасці” і аніякім чынам не ўдзельнічаў у палітыцы. Аднак сэрцам быў на баку апанентаў рэжыму з тае простай прычыны, што гэта быў бязбожны, антырэлігійны рэжым. За пару сваіх “неправільных” публічных выказванняў атрымаў добры наганяй ад свайго начальства.

Аднак асабістых успамінаў у мяне няшмат, і таму хачу адзначыць іншае. Ужо цягам некалькіх гадоў, чарговыя гадавіны ваеннага становішча 13 снежня 81-га года станавіліся ілюстрацыяй усё глыбейшага падзелу не проста палітычнай сцэны, але і грамадства. Даўнія калегі і адзінадумцы, лідары некалі магутнага руху “Салідарнасць” перасвараліся паміж сабою ўжо 30 гадоў таму. Яны адносна згодна перажылі забарону “Салідарнасці”, арышты, затрыманні, зняволенне, канспірацыю ў гады ваеннага становішча, толькі падзяліла іх  перамога над камуністычным рэжымам. Хто пайшоў у прэзідэнты, хто – у міністры, а іншыя атрымалі фігу. Цягам 30 гадоў у Польшчы вядзецца палеміка наконт мэтнасці ўвядзення ваеннага ставішча. Ці сапраўды, як казаў яго галоўны архітэктар, генерал Войцех Ярузэльскі, яно было неабходнасцю, “меншым злом”, ці было злачыннай, жорсткай спробай здушэння агульнанацыянальнага імкнення палякаў да свабоды. Зараз складваецца ўражанне, што палярызацыя польскага грамадства дасягнула свайго апагею. Пра гэта сведчылі дзве розныя дэманстрацыі ў суботу і нядзелю.

У суботу ў Варшаве і яшчэ пару гарадах адбыліся маршы прэсту супраць палітыкі “Права і Справядлівасці” і прэзідэнта Анджэя Дуды. Іх арганізаваў спантанна створаны “Камітэт абароны дэмакратыі”, які лічыць, што кіруючыя эліты разбураюць дэмакратычныя інстытуты, у прыватнасці Канстытуцыйны Суд. Да пратэсту адразу далучыліся лідары ўсіх апазіцыйных партыяў. “Мы сабраліся тут, бо баімся “дэмакратуры” адной партыі. Хочам бараніць асноўныя правы, якія здабываліся 26 гадоў свабоднай, незалежнай, прагрэсіўнай і гарамадзянскай Польшчай. Не дазволім прысабечыць Польшчу ніводнаму лідару, ніводнай партыі”, – гаварылі апазіцыйныя палітыкі.

Падчас нядзельнага маршу “Свабоды і Салідарнасці” Яраслаў Качыньскі адказаў сваім апанентам, што якраз хеўра кар’ерыстаў заблакавала рэалізцыю ідэалаў “Салідарнасці” і план новага маральнага ладу, прапанаванага Янам Паўлам ІІ. “Мы перамаглі на выбарах, але нам не даюць змяняць права, змяняць Польшчу, якую неабходна выпраўляць. Дэмакратыі ў Польшчы нічога не пагражае, хіба што тая жменька людзей, якія служаць чужым інтарэсам, насуперак волі большасці палякаў. Мы мусім пераадолець гэтую перашкоду”, – заявіў лідар “Права і Справядлівасці”. Ён не ўдакладніў, што збіраецца рабіць з апанентамі, але яго словы прагучалі даволі злавесна.

Калі б не гадавіна ваеннага становішча, я пра гэта не згадваў бы. У мяне ёсць прадчуванне таго, што чакае Польшчу ў бліжэйшы час, але я вырашыў пакуль пра гэта не гаварыць. Пакуль цярпліва прыглядаюся ды чакаю. Кіруючым трэба даць пэўны час. Заўсёды трэба аказаць новым людзям пэўны крэдыт даверу. Зрэшты, у Бібліі сказана: “па пладах іх пазнаеце іх”. Дык трэба проста пачакаць тых пладоў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ