Калядны выпуск “Мовы нанова” ў Таронта
12 снежня пры падтрымцы Згуртавання Беларусаў Канады і Царквы Святога Кірылы Тураўскага адбыўся Калядны выпуск “Мова нанова” ў Таронта з каляднікамі (фольк-гурт “Яваровы людзі”), якія не толькі самі прыйшлі, а Казу з сабой прывялі, Бусла і Мядзведзя.
Асабліва прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў нашых заняткаў стаўся відэазапіс каляднай гісторыі ад Уладзіміра Арлова, запісанага ў Менску нашымі сябрамі адмыслова для Каляднага выпуску “Мовы нанова” ў Таронта.
Граматычны блок быў займальным і інтэрактыўным, са святочнай віктарынай і групавымі заданнямі па беларускай мове. Міфалагічны аспект Калядаў, сімвалы і іх значэнні маляўніча і падрабязна прадставіла ў тэматычным блоку доктар навук Алена Лявончанка.
Госць тэматычнага блоку Надзея Дробіна, старшыня Рады Парафіі Беларускай Царквы ў Таронта, падзялілася сваёй гісторыяй Калядаў, бо памятае з маленства, як святкавалі Каляды, што рабілі, што апраналі ў славутай вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, дзе яна нарадзілася. Усе абрады, звязаныя з Калядамі, Надзея бачыла на свае ўласныя вочы і дэталёва памятае многія з іх. А Першаіерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, Архіепіскап Наваградскі і Паўночнаамерыканскі Святаслаў паведаў пра Божыя цуды з усяго свету, што здараюцца ў час, калі надыходзяць Каляды.
Віталь Кошалеў, сябра ініцыятыўнай групы “Мовы нанова” ў Таронта, дзеліцца ўражаннямі пра калядны выпуск моўных курсаў у Таронта: “Вельмі прыемна бачыць новыя твары, пачуць новыя галасы. Мы рады, што “Мова нанова” ў Таронта набірае сваю папулярнасць і аўтарытэт. Удзельнікі сем’ямі з’язджаюцца з розных гарадоў Канады, каб далучыцца да беларускай культуры. Гэтым разам мы пазнаёміліся з Сяржуком і Наталляй з Лондана (Антарыё, Канада) і былі ўсцешаныя тым, што іх дочкі вывучаюць беларускую мову праз скайп з настаўніцай з Беларусі. Мне вельмі прыемна, што традыцыя навучання беларускай мове за мяжой працягваецца, а “Мова нанова” ў Таронта дапамагае знайсці аднадумцаў і неабыякавых да беларускай культуры людзей”.
[Not a valid template]
Традыцыйна ўдзельнікі “Мовы нанова” ў Таронта атрымалі духмяныя самаробныя пернікі.
Інфармацыю пра мерапрыемствы ў Беларускім цэнтры Таронта можна знайсці на сайце Згуртавання Беларусаў Канады.