Грамадскія актывісты ўшануюць ахвяраў сталінізму і нацызму
23 жніўня з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяраў сталінізму і нацызму прадстаўнікі шэрагу беларускіх арганізацый накіруюцца ў Смаленскую вобласць у Катынь, каб ушанаваць памяць ахвяраў масавага расстрэлу польскіх афіцэраў.
Пра гэта паведаміла актывістка ініцыятывы “За ўратаванне Курапатаў” Ганна Шапуцька:
– Адпраўляецца адзін аўтобус, спадзяюся калі ўсё будзе добра, то чалавек 50 паедзе – гэта з розных арганізацый, з розных рухаў, прадстаўнікі міжнароднага Мемарыяла, партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху “За свабоду”. У гэтым годзе мы запрашалі больш тых, хто непасрэдна мае адносіны да працаў у Курапатах.
Днём памяці 23 жніўня абвясціў Еўрапарламент у 2009 годзе. Таксама ў Менску пройдзе брыфінг, прысвечаны памяці ахвяраў аўтарытарызму. Удзельнікі брыфінгу ўскладуць кветкі ў Трасцянцы – месцы масавай гібелі ахвяраў сталінізму і нацызму, а таксама ў Курапатах – месцы масавых сталінскіх расстрэлаў.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя