Клімат: небывалае адзінадумства
Амаль 200 краін свету прынялі ў Парыжы кліматычную дамову. Першая ў гісторыі, яна была вынікам працяглых спрэчак і карпталівых дэбатаў. Затое заключны дакумент ставіць перад сабою важную мэту: згодна паўстрымаць глабальнае пацяпленне клімату на бяспечным узроўні.
З міжнародных падзеяў мінулых выходных гэта была, бясспрэчна, самая ўніверсальная і важная. “Парыжскае пагадненне – прынятае,” – заявіў міністр замежных справаў Францыі Ларан Фабіюс. Гэтыя словы выклікалі бурныя апладысменты. “Месяц пасля тэрактаў у Парыжы Францыя аб’яднала свет,” –заявіў французкі еўракамісар у пытаннях клімату Miguel Arias Canete. Ён выказаў прызнанне для высілкаў Ларана Фабіюса, які старшыняў падчас паседжанняў. Па словах дзяржсакратара ЗША Джона Кэры, парыжскае пагадненне – гэта “перамога нашай планеты і будучых пакаленняў”. Ён адзначыў, што нельга казаць пра ідэальнае рашэнне, аднак амаль усе краіны свету пагадзіліся, што да вызначаных мэтаў трэба імкнуцца”. Таксама старшыня Міжнароднага Валютнага Фонду Крыстын Лагард адзначыла, што дасягнутае ў Парыжы пагадненне – гэта “важны крок у вырашэнні праблемы глабальнай змены клімату”.
Паводле дамовы, неабходна паўстрымаць пацяпленне клімату на ўзроўні ніжэй 2% па Цэльсію ў параўнанні з даіндустрыяльнай эпохай. Затым усе краіны свету абавязаліся знізіць рост тэмпературы да 1,5%. Каб дасягнуць гэтай доўгатэрміновай мэты, неабходна максімальна зменшыць выкіды парніковых газаў. У другой палове ХХІ стагоддзя павінен быць дасягнуты парытэт паміж выкідамі і ліквідацыяй парніковых газаў з атмасферы. Дасягнуты прагрэс мае быць ацэньваны кожныя пяць гадоў. Міжнародная супольнасць абавязалася выдзяліць да 2020 года 100 мільярдаў даляраў дапамогі краінам, якія развіваюцца, паколькі ў іх будуць найбольшыя праблемы з абмежаваннем эмісіі парніковых газаў.
Прымірэнне інтарэсаў розных краін не было простае. Моцна баяліся некарысных для іх рашэнняў такія краіны, як Польшча, чыя энергетыка абапіраецца на вуглі. Аднак польская дэлегацыя выказала задаволенне вынікамі парыжскага саміту. “Дамова не элімінуе вуглю, а толькі акрэслівае рамкі ўраўнаважанага развіцця ўсяго свету,” – заявіў прадстаўнік польскай дэлегацыі Тамаш Хрушчоў. Па яго словах, дасягненне парытэту паміж выкідамі і ліквідацыяй парніковых газаў можна дасягнуць з дапамогай прыроды, у прыватнасці, шляхам залясення. “Гэта вельмі простае і рэальнае да выканання: чым больш лясоў, тым чысцейшае паветра,” – адзначыў ён. Калі б паступіў сігнал, што трэба цалкам адмовіцца ад вуглю, Польшча не магла б падпісаць дамову. Для яе гэта азначала б адмаўленне ад свайго галоўнага прыроднага багацця.
Дамова падпісана і гучна абвешчана перамога. Аднак многія пытанні застаюцца. Змаганне з пацяпленнем клімату цягне за сабою спавальненне эканамічнага росту. Эксплуатацыя прыродных рэсурсаў без аглядкі на экалогію з’яўляецца спрадвечнай спакусай бізнесу, арыентаванага на хуткі прыбытак. Надзвычай складана і дорага пераставіць энергетыку на аднаўляльныя крыніцы энергіі. Гэта не проста справа добрай волі, але сродкаў і часу. Апроч усяго, што надзвычай важна падкрэсліць, парыжская дамова мае дэкларатыўны характар і няма ў свеце такой сілы, якая прымусіла б дадзеную краіну выконваць усе ўмовы пагаднення. Няма ўпэўненасці, ці ў свеце захаваецца мір і не будзе глабальнага канфлікту, бо тады не будуць выконвацца ніякія дамовы. Атрымліваецца, што кліматычную дамову можна павітаць, але з так званым “асцярожным аптымізмам”.