Новы год з натуральнай ялінкай



“Дзяржаўныя лясы” заклікаюць жыхароў Падляшша купляць натуральныя елкі да калядных і навагодніх святаў.  Елкі маюць паходжанне з плантацыяў, якія ствараюцца адмыслова для продажу такіх дрэваў у перадкалядны перыяд. “Штогод жыхары рэгіёна купляюць некалькі тысячаў экалагічных зялёных прыгажуняў”, – кажа прэс-сакратар арганізацыі “Дзяржаўныя лясы” Яраслаў Краўчык.

– З нашага пункту гледжання, няма сэнсу з нагоды святаў выдаткоўваць сродкі на набыццё штучнай елкі. Калі ўзяць пад увагу статыстыку, то ў сярэднім на аднаго паляка прыходзіцца больш за 70 кг штучных адходаў. Вядома, што яны распадаюцца цягам некалькіх соцень гадоў. Таму дадатковае набыццё пластыка перад святамі проста бессэнсоўнае. Таму мы заклікаем купляць свежыя, натуральныя ялінкі.

 

У гандлёвых цэнтрах прадаюцца елкі,  высечаныя  раней, яны знаходзяцца доўгі час на складах, а таму могуць хутка асыпацца, – кажа Яраслаў Краўчык. Дзе можна набыць натуральныя елкі і па якіх цэнах – таксама не сакрэт.

– Ялінкі можна купіць у лясніцтвах, якія знаходзяцца паблізу гарадоў.

Са слоў Краўчыка, кошт найбольш папулярнай натуральнай елкі вышынёй ад паўтара да двух з паловай метраў вагаецца ад 30 да 50 злотых.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Agencja Gazeta