98-я гадавіна падпісання Ваеннага пермір’я ў Скоках
У палацы Нямцэвічаў у Скоках пад Берасцем роўна 98 гадоў таму, 15 снежня 1917 года, было падпісана Ваеннае перамір’е, якое дэ-юрэ спыняла ваенныя дзеянні на Усходнім фронце ў ходзе Першай сусветнай вайны. На думку гісторыкаў і даследчыкаў, гэтая падзея сталася першым крокам да ўсталявання новага парадку на мапе Еўропы. Кажа старшыня навукова-педагагічнага таварыства “Берагіня” Віктар Місіюк:
– Я думаю, што няма ніводнай сям’і на Захадзе Беларусі, якую б не кранулі бежанства, або хтосьці не быў пакліканы ў войска 100 гадоў таму. У народнай памяці гэта захоўваецца, хоць змянілася ўжо некалькі пакаленняў.
Больш урачыста на Берасцейшчыне гэтую падзею адзначаць пачалі некалькі гадоў таму ў мясцінах, звязаных з падзеямі тых часоў. У Скоках каля сядзібы Нямцэвічаў у гонар перамір’я праводзіцца штогадовы рэканструктарскі фестываль, а ў адной з залаў музею знаходзіцца пастаянная экспазіцыя, прысвечаная Першай Сусветнай вайне.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота tomin.by