Улады Беларусі не змагаюцца з ценявой эканомікай



Улады Беларусі не змагаюцца з ценявой эканомікай, бо баяцца палітычных наступстваў. Мяркуе дырэктар па даследаваннях цэнтра Астрагорскага Сяргей Богдан.

У артыкуле на англамоўным сайце Беларус Дайджэст эксперт адзначае, што памеры шэрай гаспадаркі павялічваюцца штогод і ўжо цяпер перавышаюць траціну нацыянальнага ВУП.

Чаму ўрад не дае рады з нелегальнымі прыбыткамі беларусаў з такім пытаннем Зміцер Косцін звярнуўся да Сяргея Богдана.

— Урад Беларусі не робіць асабліва рызыкоўных і жорсткіх захадаў у гэтым змаганні, бо, умоўна кажучы, палітычная эканомія беларускай дзяржавы заснаваная крыху на іншым: на некалькіх буйных крыніцах прыбытку: перш за ўсё гэта атрыманне танных энэрганосбітаў з Расеі, іх перапрацоўка і збыце ды яшчэ некалькі падобных галінаў. У такой сітуацыі  Урад фактычна дазваляе існаванне невялікага сегменту нефармальнай эканомікі, ці, нават наўпрост, нелегальнай эканомікі, бо баіцца, бадай што, палітычных наступстваў. Адна справа — прыняць дэкрэт пра тунеядцаў,  які закране толькі прадстаўнікоў дробнага бізнесу, людзей, якія падрабляюць, але не плацяць сацыяльныя выплаты, але гэта не тыя людзі, якія могуць выцягнуць некалькі тысячаў даляраў і выдаць іх мясцовай апазіцыі. А вось тыя, хто займаецца дастаткова сур’ёзным бізнесам па нелегальных схемах, гэта якраз тыя людзі, якія ў прынцыпе ўжо маюць больш чым дастаткова грошай для таго, каб змяніць у Беларусі цалкам нават Урад.

Калі я пісаў гэты артыкул, я падкрэсліваў, што ідзецца не пра нейкіх дробных бабулек, якія прадаюць вязанку часнаку, гаворка ідзе пра немалыя гандлёвыя прадпрыемствы, пра вытворчасці і грошы там лічацца не дзясяткамі і не сотнямі даляраў, але дзясяткамі тысячаў.

РР: Сітуацыя, якую вы апісваеце ў артыкуле датычыць альбо не правядзення праз фіскальныя органы нейкіх аплатаў, ці арэнды кватэраў без падаткаў. Усё гэта мне прыгадвае сітуацыю, якую а бачыў у той жа Грэцыі. Там падобнае стаўленне грамадзянаў да фіскальнай сістэмы ў прынцыпе прывяло да глыбейшага крызісу, які Урад ніяк не можа пераадолець. Якія могуць быць наступствы функцыянавання гэтай «шэрай» эканомікі калі не пачаць змагацца з ёй?

— Наступствы ўжо ёсць, бо створана вялізарная пачвара, якая пакуль што паводзіць сябе даволі ціха. Па розных прычынах, але найперш таму, што яе не чапаюць. Але, умоўна кажучы, ці гэтаму, ці наступнаму беларускаму Ураду прыйдзецца шукаць нейкія дадатковыя крыніцы падаткаабкладання і непазбежна давядзецца думаць пра тое, якім чынам знайсці грошы, якія ёсць у гэтай краіне і працуюць унутры краіны і нарэшце выкарыстаць іх. Менавіта тады гэта праблема стане абсалютна відавочнай. Апрача таго, што сёння ўжо ёсць наступствы падрыву сумленнай канкурэнцыі ў выглядзе падрыву легальных вытворчасцяў, у далейшым гэтыя наступствы стануць больш палітычнымі. Мы убачым гэта пры змене палітычнага рэжыму ў краіне, бо ў цяперашняй сітуацыі гэта безумоўна не рэлевантныя рэчы, што нехта там займаецца нелегальнай вытворчасцю. А вось калі нешта памяняецца, усе гэтыя грошы з нефармальнага, нелегальнага секатара, прывядуць да стварэння цэлага шэрагу разбуральных для палітычнага жыцця краіны праектаў. Але наступствы ўжо ёсць: у Маладзечне я апошнія 5 гадоў назіраю, як развіваецца сітуацыя з рамонтам аўтамабіляў і бачу, што нягледзячы і на заявы на самым высокім узроўні і што нават прымаліся нейкія захады, фактычна ўся гэтая галіна працягвае працаваць абсалютна нелегальна. І нават мясцовыя падатковыя органы бачаць, што легальныя майстэрні закрываюцца. Усё гэта бачна кожнаму, хто хоча бачыць. Але ўлада заплюшчвае вочы на гэтага «слана». У рэгіёнах, дзе сапраўды праблемы з паступленнем сродкаў ад падаткаў, бачаць, як закрываюцца прадпрыемствы, якія плацяць падаткі. А закрываюцца яны праз нядобрасумленную канкурэнцыю, бо нехта працуе побач і нічога не плаціць: ні падаткаў, ні сацыяльных выплатаў. Але такая сітуацыя працягвае існаваць і ніякіх сур’ёзных захадаў у гэтым плане не робіцца.

РР: Ці існуе нейкі канкрэтны рэцэпт: якім чынам можна змагацца? Далейшае закручванне гаек? Павышэнне падаткаў, павелічэнне колькасці кантралёраў і больш жорсткая праца падатковай інспекцыі і камітэта дзяржкантролю? Ці ўсё ж існуюць нейкія механізмы на заканадаўчым узроўні, якія выведуць гэтую шэрую эканоміку ў белую і ўраўнаюць магчымасці працы легальнага і паўлегальнага бізнесу?

— Рэцэпт для гэтай праблемы, як і для многіх іншых праблемаў беларускай эканомікі і беларускага грамадства, гэта перш за ўсё выкананне законаў, якія ёсць. Можна знаходзіць шэраг заганаў і казаць пра іх удасканаленне, але перш за ўсё варта забяспечыць выкананне таго, што ёсць. А з гэтым якраз праблема, бо тыя з’явы, якія мы сёння бачым: калі пасярод буйнога горада стаяць гандлёвыя цэнтры, дзе гандляры спакойна прадаюць тавар без чэкаў, ні на каго не азіраючыся, гэта азначае, што закон цалкам не выконваецца і ніхто не дбае пра ягонае выкананне. А чаму? Хутчэй за ўсё таму што існуе боязь, што калі прыціснуць гэтых людзей, дык у выніку можна атрымаць палітычны пратэст. Не эканамічны, а ўжо палітычны.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя